18 чэрвеня ў бібліятэцы «Верасок» прайшоў развітальны вечар з валанцёрам з Германіі Лінусам Шэдэрмаерам.

У Маладзечна прыехала яго сям’я, а на сустрэчы прысутнічалі настаўнікі і школьнікі, якія на працягу года працавалі з ім.

Чаму Лінус жыў у Беларусі год?

Нямецкія школьнікі звычайна не паступаюць адразу ва ўніверсітэты. Ім даецца год, каб яны вырашылі, чым хочуць займацца ў далейшым. Хтосьці з іх працуе, хтосьці падарожнічае.

Ад 2014 года гімназія №10 прымае ўдзел у міжнародным праекце «Школы: партнёры будучыні». У школы ёсць пагадненне з Інстытутам Гётэ ў Мінску.

Лінус прыняў удзел у ініцыятыве «Школы: партнёры будучыні». У яго была магчымасць з’ехаць у гродзенскую школу ці маладзечанскую. Хлопец выбраў Мала­дзечна, бо яму параіла гэты горад Табэа Зандэр. Яна раней таксама тут працавала.

На працягу года Лінус выкладаў з настаўнікамі нямецкай мовы ў гімназіі №10. Увесь час у яго былі кантакты з бібліятэкай, дзе ён праводзіў розныя культурныя мерапрыемствы, распавядаў пра спорт у Германіі і пра папулярную музыку. А яшчэ Лінус правёў у Маладзечне адвент. Шэдэрмаер не абмежаваўся нямецкай, ён дапамагаў маленькім дзецям вывучаць англійскую мову.

Лінус знаходзіўся не толькі ў Маладзечне, а ездзіў па ўсёй Беларусі, дапамагаючы вывучаць нямецкую мову і пазнаваць культуру дзецям. Ён быў у Міры, наведаў Полацк. Па Полацку Лінусу зрабілі экскурсію студэнты мясцовага ўніверсітэта: слухалі музыку ў Сафійскім саборы, паказалі гістарычны цэнтр. Шэдэрмаер хацеў звазіць сям’ю ў Гродна, але ў яго не атрымалася. Аднак ён абяцаў, што абавязкова наведае і гэты беларускі горад.

Мама выкладае нямецкую мову, а бацька – скандынаўскую літаратуру

Бацька і маці Лінуса працуюць ва ўніверсітэце. Бацька, Іахім, выкладае скандынаўскую літаратуру, ведае шведскую і нарвежскую мовы. А мама, Сімонэ, выкладае нямецкую мову для замежнікаў. Цяпер у яе групе ёсць і беларускія студэнты. Лінус старэйшы за сваю сястру Люцыю на чатыры гады. Яна ходзіць у школу, іграе на кларнеце і займаецца балетам.

Сям’я Лінуса некалькі дзён жыла ў арандаванай кватэры ў Мінску. Немцам вельмі спадабалася сталіца, асабліва Няміга і будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Іахім па­дзяліўся цікавай гісторыяй пра паездку ў Маладзечна.

– У электрычцы мы саступілі месца жанчыне з дзіцем, а яна адказала «данке»! Я быў так здзіўлены пачуць нямецкую.

Сям’я Шэдэрмаераў: Сімонэ, Люцыя, Іахім, Лінус.
Фота Настассі Уткінай.

На сустрэчы размаўлялі выключна на нямецкай мове

На сустрэчы Іахім і Сімонэ з беларускімі настаўнікамі абмяркоўвалі адукацыю, дзяліліся сваім досведам, а таксама распавялі пра прыватныя і дзяржаўныя школы Германіі.
Немцам было цікава даведацца пра беларускую нацыянальную ежу. Калі гаворка пра бульбу і разнастайныя варыянты страў з яе скончылася, Лінус спытаў пра аліўе. Ён быў упэўнены, што салат аліўе робяць з аліўкамі. Аднак яго тут жа запэўнілі, што там іх няма, але ёсць бульба.

Супрацоўнік залы літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Летунова, якая арганізавала сустрэчу з Лінусам і яго сям’ёй, распавяла, што планавалася сабраць больш людзей, але з-за летніх канікулаў гэта было праблематычна зрабіць.

– Вельмі цяжка сабраць людзей летам. Нехта ў летніку, хтосьці ў бабулі ў вёсцы ці яшчэ дзе-небудзь, – распавядае Таццяна Летунова.

Сустрэча прайшла на нямецкай мове, часам спікеры пераходзілі на англійскую. Настаўнікі і вучні ў апошні раз размаўлялі з Лінусам, але ўпершыню асабіста пазнаёміліся з яго сям’ёй.

Удзельнікі сустрэчы.
Фота Настассі Уткінай.

 

• Текст доступен на языке: Русский