Ад лістапада 2018 года ў Германіі і па ўсім свеце право­дзяць забастоўкі дзеля клімату.

Школьнікі, студэнты, людзі розных узростаў і прафесій выходзяць па пятніцах на галоўныя вуліцы гарадоў. Іх мэта – прыцягнуць увагу палітыкаў і грамадскасці да праблемы змены клімату і глабальнага пацяплення.

Ад лістапада 2018 года да ліпеня 2019 года на тэрыторыі Германіі прайшлі 384 забастоўкі (па інфармацыі праекта FridaysForFuture).

Кліматычныя страйкі па ўсім свеце пачаліся з адзіночнага пратэсту 15-гадовай Грэты Тунберг каля шведскага парламента. Тунберг стала сімвалам праекта FridaysForFuture і зараз з’яўляецца самай бачнай фігурай бараць­­бы супраць змены клімату.

Змяненне клімату – рэальная праблема

У лютым 2019 года Міжурадавая група экспертаў па змене клімату пры ААН апублікавала даследаванне, у якім навукоўцы прыйшлі да высновы, што чалавек з’яўляецца асноўнай прычынай змены клімату.

Змяненне клімату ўплывае на наяўнасць вады, дзікую прыроду і здароўе чалавека. Парніковыя газы ўжо павялічваюць рызыку некаторых экстрэмальных з’яў. Клімат таксама паўплывае на вытворчасць прадуктаў харчавання. З-за яго змены могуць знікнуць кава, чай, арахіс, піва і віскі (засуха і неўра­джай хмеля) і іншыя прадукты.

– Змена клімату – гэта абсалютна даказаны факт. Такі ж, як і тое, што прышчэпкі важныя і зніжаюць чалавечую смяротнасць, – распавядае эксперт Цэнтра экалагічных рашэнняў у Мінску Дзмітры Буронкін.

У 2016 годзе краіны-ўдзельніцы ААН падпісалі Парыжскае пагадненне. Яно заклікае рэгуляваць меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы. На дадзены момант яго падпісалі 196 краін. Германія і Беларусь знаходзяцца ў ліку дзяржаў, якія ратыфікавалі пагадненне.

Германія актыўна змагаецца са зменай клімату

У ліку краін, якія змагаюцца з выкідамі вуглякіслага газу, ёсць і Германія. У краіне распрацаваны «План дзеянняў па клімаце да 2050 года». У рамках гэтага плана немцы збіраюцца кардынальна панізіць узровень вуглякіслага газу на тэрыторыі краіны за бліжэйшыя 30 гадоў.

Нямецкі план па скарачэнні газу больш амбіцыйны, чым у іншых краін Еўрапейскага саюза. Ён прадугледжвае зніжэнне выкідаў да 2020-га на 40% у параўнанні з 1990 годам. А ў ЕС усяго на 20%, паведамляе арганізацыя Clean Energy Wire. Аднак па апошніх даследаваннях Міністэрства навакольнага асяроддзя Германіі, яны не змогуць наблізіцца да гэтых лічбаў да наступнага года.

Але ўжо цяпер немцы значна наперадзе іншых краін у зніжэнні ўзроўню вуглякіслага газу і паляпшэнні навакольнага асяроддзя: плануецца, што ў наступным годзе выкіды будуць роўныя такому значэнню, якое было ў 1951 годзе.

Да канца 2019 года кіруючая партыя Германіі плануе прыняць законапраекты, звязаныя з кліматам.

Інфаграфіка Ігара Палынскага

А што ў Беларусі?

Змяненне клімату і глабальнае пацяпленне з’яўляюцца актуальнай тэмай і для Беларусі. Пасля ратыфікацыі Парыжскага пагаднення мэта Беларусі – дасягнуць да 2030 года 28% выкідаў вуглякіслага газу ў параўнанні з 1990-м.

Навукоўцы адштурхоўваюцца ад 1990 года, таму што тады было праведзенае першае глабальнае даследаванне праблемы змянення клімату і яго наступстваў. Даклад Міжнароднай экспертнай групы адыграў вырашальную ролю ў стварэнні спецыяльнай камісіі па клімаце пры ААН.

Кліматолагі працуюць у розных галінах. Напрыклад, мітыгацыя (меры па ліквідацыі або зніжэнні доўгатэрміновай рызыкі і небяспекі кліматычных змяненняў) і адаптацыя.

– Ужо ёсць змены клімату, якія мы ніяк не можам прадухіліць, таму павінны працаваць у галіне адаптацыі. Трэба інвеставаць грошы ў сельскую і лясную гаспадаркі. Гэта неабходна для таго, каб тады, калі змены клімату будуць выяўленыя больш ярка, мы былі да іх гатовыя, – кажа Буронкін.

Германія можа быць прыкладам для Беларусі ў барацьбе са зменай клімату. Важна разумець, што кожная дзяржава ставіць пэўныя мэты, якія не варта пазычаць для сваёй краіны. Кожная мае свой кліматычны план і афіцыйныя законы.

Ужо цяпер прымаюць рашэнні, звязаныя з забаронай забруджвання навакольнага асяроддзя, якія можа пераняць і Беларусь. Напрыклад, ад 2018 года ў рэгіёнах Эсэне і Гельзенкірхене ўвялі абмежаванне на выкарыстанне старых дызельных і бензінавых матораў. А Гамбург стаў першым горадам у Германіі, дзе ўвялі забарону на дызельныя аўто.

– Рашэнні па клімаце складаюцца з многіх задач. Беларусь эфектыўна рэалізуе праграмы энергазберажэння, якія дазваляюць скарачаць выкіды вуглякіслага газу. Мы не ўкараняем дастаткова аднаўляльных крыніц энергіі, але гэта з-за будоўлі атамнай станцыі, – дзеліцца Буронкін.

Беларусь мае свае кліматычныя мэты, і, на думку эксперта Цэнтра экалагічных рашэнняў, яна іх дасягне. Магчыма, што гэтыя мэты нават будуць перавыкананыя. Так адбудзецца з-за таго, што першапачаткова Беларусь паставіла перад сабой недастаткова амбіцыйныя задачы.

• Текст доступен на языке: Русский