Фота Газета.ру

Ад 2000 года больш 5700 беларусаў сталі ахвярамі гандлю людзьмі.

У большасці выпадкаў гаворка ідзе пра сексуальную эксплуатацыю – больш за 5100 выпадкаў. На другім месцы працоўная эксплуатацыя – 635 выпадкаў. Таксама праваахоўнікі зафіксавалі тры выпадкі канфіскацыі органаў і тканак. Ахвярамі сэксуальнай эксплуатацыі часцей за ўсё становяцца жанчыны і дзеці.

МУС прапануе ўнесці ў Крымінальны кодэкс новы артыкул – гандаль дзецьмі, і ўсталяваць адказнасць да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі заявіў намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Уладзімір Емяльянаў.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе ўстаноўлена 50 злачынстваў па факце гандлю людзьмі, з іх 40 – сексуальная эксплуатацыя, 10 – працоўная. Ахвярамі сталі 62 чалавекі. Пік такіх злачынстваў прыйшоўся на 2005-2006 гады, тады праваахоўнікі ўсталёўвалі больш за тысячу пацярпелых.

Беларускія жанчыны трапляюць у сэксуальнае рабства ў Заходнюю Еўропу, краіны Блізкага Ўсходу, некаторыя рэгіёны Расіі. На тэрыторыі нашай краіны таксама былі выпадкі уцягвання людзей у працоўнае і сэксуальнае рабства, пацярпелыя – грамадзяне Украіны, Расіі, Малдовы, В’етнама.

Уладзімір Емяльянаў адзначыў, што МУС сумесна з іншымі зацікаўленымі органамі распрацавала законапраект аб унясенні зменаў у Крымінальны кодэкс. Чакаецца, што ў красавіку 2020 года дакумент паступіць на разгляд у парламент. Прапануецца ўнесці ў КК новы артыкул – гандаль дзецьмі, у тым ліку для адпаведнасці міжнародным нормам, і ўсталяваць пакаранне – да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Зараз у КК існуе артыкул «гандаль людзьмі» з квалiфiцыруючай прыметай «у дачыненні да заведама непаўналетняга» (ч. 2 арт. 181 КК – да 12 гадоў пазбаўлення волі).

• Текст доступен на языке: Русский