Імпрэза адбудзецца 17 жніўня ў вёсцы Любкі Вілейскага раёна.

Свята вёскі ладзяць жыхары Любак у супрацоўніцтве з Іжанскім сельскім выканкамам.

Як паведаміла адна з арганізатараў свята Вольга Трубач, галоўная ідэя ініцыятывы – сустрэча аднавяскоўцаў: жыхароў, выхадцаў, тых, хто мае ў Любках лецішчы.

Што будзе на свяце

– Мы хочам стварыць пляцоўку, дзе ажывуць успаміны, хочам правесці такое настальжы-свята, свята-сустрэчу, – тлумачыць Трубач. – Каб людзі маглі ўспомніць мінулае, адчуць духоўную сувязь з гэтым месцам. Для «дачнікаў», якіх тут ужо нямала, гэта магчымасць даведацца пра гісторыю вёскі з першых вуснаў. Для выхадцаў з Любак – магчымасць акунуцца ў дзяцінства і маладосць. Для саміх жыхароў – зразумець, што вёска будзе жыць.

Чакаем і гасцей, усіх, хто хоча заспець сапраўдную беларускую вёску без сучаснага пластыкавага антуража.

Па словах арганізатара, гасцей свята чакае фотавыстава, складзеная з сямейных здымкаў любэцкіх. Будуць экскурсіі ад мясцовых жыхароў па адметных мясцінах Любак. На дзіцячай пляцоўцы бабулі і дзядулі навучаць малых гульням і забавам свайго дзяцінства. Усе разам зробяць вялікі калаж, прысвечаны святу. Зладзяць спеўны сход, дзе ў якасці салістаў выступяць бабулі з суседніх Каралеўцаў.

Танцы і карта

Пазнавальнай будзе прэзентацыя карты «Любкі: сядзібы і ваколіцы», з нанесенымі аўтэнтычнымі вясковымі назвамі.

– Яшчэ правядзём майстар-клас па вілейскіх танцах. Ёсць папярэдняя дамова з віляйчанкай Зінаідай Губаравай-Крупскай, якая ведае каля сотні танцаў, а таксама са знакамітым вілейскім цымбалістам Іванам Валынцом, расказвае пра планы Вольга.

Заключным акордам стане танцавальная вечарына да раніцы. На тым самым месцы, дзе ладзіла танцы любэцкая моладзь.

Арганізатары запрашаюць наведаць Любкі і нагадваюць, што асабісты ўнёсак на агульны стол вітаецца.