Ад 14 да 28 ліпеня на крэўскім замчышчы прайшлі археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам гісторыка Алега Дзярновіча. «Рэгіянальная газета» наведала раскопкі і даведалася пра ўсё, што адбылося за два тыдні ў Крэве.
Дзярновіч пачаў экскурсію з каменя на падыходзе да крэўскага замчышча, дзе адбываюцца раскопкі. На камені выбіты хрысціянскі сімвал «Крыж Галгофы» – крыж, усталяваны на пагорку Галгофа, на якім быў укрыжаваны Ісус. Гэта хрысціянская сімволіка з’явілася на камені ўжо за часамі хрысціянства і мусіла пераняць на сябе шанаванне валуна мясцовымі язычнікамі.
Валанцёраў за працай у апошнія дні раскопак застаецца няшмат – каля 20 чалавек. А за ўвесь час на археалагічнай працы было больш 50.
Гэта шосты сезон раскопак у Крэве. Кіраўнік раскопак распавядае, што раней капалі гарадзішча, а цяпер засяродзіліся на селішчы вакол яго. У планах выйсці на могільнік.
Ад галандцаў да беларусаў з Каліфорніі
У раскопках удзельнічаюць розныя людзі. Усе яны валанцёры і даведаліся пра раскопкі з сацыяльных сетак або ад знаёмых.
Асістэнт кіраўніка раскопак Андрэй Шулаеў расказвае, што на раскоп прыязджалі з Польшчы і Нідэрландаў, якім цікава пагрузіцца ў беларускую гісторыю і пазнаць яе крыху больш. Аднак большасць валанцёраў з Беларусі.
– У нас працаваў хлопец, які не першы год з намі на раскопках, амаль тыдзень, але потым паехаў у ЗША. Ён там жыве, дзесьці ў Каліфорніі. Далі яму з гэтай нагоды мянушку «Каліфарніец». Насамрэч, ён беларус, – кажа Шалаеў.
На раскопкі прыязджаюць цэлымі сем’ямі. Напачатку крэўскай экспедыцыі была сям’я з Гомеля, а потым працаваў бацька разам з дзецьмі з Краснага, што ў Маладзечанскім раёне. Ён кажа, што навучаўся па падручніку гісторыі з «Пагоняй» і не разумее, як можна не даследаваць беларускую гісторыю.

Днём – праца, вечарам – імпрэзы
У археалагічнай экспедыцыі ёсць строгі распарадак: да 15 ці 16 – праца, а потым валанцёры бавяць час на розных мерапрыемствах у летніку. Кожны дзень гэтыя імпрэзы былі новыя: ад спеваў каля вогнішча і практыкумаў з керамістам да лекцый пра гісторыю Крэва і рыцарскіх баёў.
– Я сам шукаю выканаўцаў у наш летнік. Практычна ўсе пагаджаюцца, усім цікава – валанцёрам і тым, хто да нас прыязджае, – кажа Дзярновіч.
За два тыдні для валанцёраў выступілі музыкальныя гурты «Разбітае сэрца пацана», «Морквацвет», таксама спявалі Аляксандр Памідораў, Алесь Чумакоў і іншыя. Прайшлі лекцыі: Алена Любая распавядала пра крэўскіх татараў, а Наталля Сліж расказвала пра сям’ю і каханне ў часы ВКЛ.
Бранзалеты, будаўнічая ахвяра і магчымы падмурак
Археалагічныя пласты датуюцца 10-13 стагоддзямі. Стагоддзі вызначаны па слядах пажараў, якія знайшлі падчас экспедыцыі. Пад адной з печак знайшлі будаўнічую ахвяру: пад ачагом быў разбіты гаршчэчак з косткамі птушкі.
Пасля гэтага часу ёсць пласты і 14 стагоддзя, але пасля жыццё ў гарадзішчы затухае. Прычына – сацыяльны, палітычны і адміністрацыйны цэнтр перамяшчаецца на Крэўскі замак.
На раскопках рэгулярна знаходзяць шкляныя бранзалеты. Знаходкі бранзалетаў на тэрыторыі Крэва ўжо не з’яўляецца ўнікальнымі, але ў той жа час – добры фактар для датавання. Акрамя упрыгожванняў для жанчын, знайшлі гузік і нож. Усе знаходкі датуюцца 12 стагоддзем.
Часам трапляюцца нязвыклыя рэчы для рэгіёна. Напрыклад, фрагмент шклянкі з арабскай вяззю – там было прапісанае імя султана.
Падчас раскопак заклалі адзін шурф на валу. Там знайшлі каменні, якія могуць быць ці брукаванкай, ці падмуркам для сцен.

Чаму раскопкі ў Крэве – гэта важна?
Крэва цікавіць Дзярновіча з-за таго, што гэта быў рэгіянальны цэнтр Літвы да Міндоўга.
Падчас археалагічнай экспедыцыі лічылі, што знойдуць у Крэве выключна балцкую культуру. Але знайшлі доказы таго, што на гарадзішчы жылі пераважна славяне.
– Па маёй канцэпцыі атрымліваецца, што старажытная Літва мела сваю раннюю цывілізацыю. Яна не была такім дзікім краем, як уяўляецца ў нашых стэрэатыпах і нашых падручніках. У рэгіёне былі раннія урбаністычныя паселішчы, кшталту Крэва, гальшанскага гарадзішча і Свіра, – расказвае Дзярновіч.
Насельніцтва ранніх урбаністычных цэнтраў старажытнай Літвы дадзяржаўнага перыяду было бі-этнічным: і славянскім, і балцкім. А вось у гарадзішчах дамінавала славянскае насельніцтва.
• Текст доступен на языке: Русский