Сярод вядомых у свеце каля 500 відаў ракаў вадаёмы Беларусі насяляюць тры віды – шыракапалы, рак доўгапалы (вузкапалы) і інвазіўны від – амерыканскі паласаты рак.

Шыракапалы рак ад 1981 года ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, таму лавіць яго забаронена.

Вузкапалы рак стаў аб’ектам прамысловага і аматарскага рыбалоўства. У адрозненні ад чырванакніжныя ён менш патрабавальны да ўмоў, лепш выкарыстоўвае кармавую базу, мае больш высокія тэмпы росту, мае вялікую пладавітасць. Вылоўліваць яго можна, выконваючы патрабаванні, устаноўленыя Правіламі здабычы, нарыхтоўкі і (або) закупкі дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства.

Тэрміны забароны на вылаў вузкапалага рака супадаюць з тэрмінамі асноўнай нераставай забароны на лоўлю рыбы. На тэрыторыі Міншчыны гэта ад 1 красавіка да 30 мая. Здабываць яйцаносных самак і самак з лічынкамі нельга цягам усяго года.

Чым лавіць ракаў

У асабістых мэтах грамадзянам можна лавіць ракаў з дапамогай ракаловак, на аднаго чалавека не больш за тры. Пакідаць іх без нагляду нельга. Можна лавіць ракаў рукамі, але толькі ў светлы час сутак. Нельга карыстацца асвятляльнымі прыборамі і плаўсродкамі. За суткі аднаму рыбалову можна вылавіць не больш за 2 кг ракаў.

Ракалоўка уяўляе сабой сеткаваты квадрат або круг з дыяганаллю або дыяметрам не больш за 100 сантыметраў з замацаванай у цэнтры прынадай – пад’ёмнікам адкрытага тыпу. Або пастку даўжынёй не больш за 100 сантыметраў з адным ці некалькімі, не больш за 5, уваходамі з дыяметрам уваходнай адтуліны не больш за 70 сантыметраў, закрытага тыпу.

Вылаўлены рак павінен быць больш за 10,5 сантыметраў.

Адкуль з’явіўся амерыканскі рак

Каля 20 гадоў таму ў некаторых прытоках Нёмана на захадзе Гродзенскай вобласці ўпершыню заўважылі інвазіўны від – амерыканскага паласатага рака. Асноўная небяспека яго распаўсюджвання ў тым, што ён пераносчык ракавай чумы, пры гэтым застаецца ўстойлівым да гэтага небяспечнага захворвання.

Амерыканскі паласаты рак устойлівы і да дэфіцыту кіслароду, і да забруджвання вадаёмаў. Від адрозніваецца высокімі тэмпамі росту і кароткім жыццёвым цыклам. На амерыканскага паласатага рака няма прамысловай меры, аднак, дасягаючы даўжыні 5-7 сантыметраў ён мае нізкую харчовую каштоўнасць.

Як адрозніць ракаў

Найбольш відавочныя і простыя знешнія адрозненні трох пералічаных відаў ракаў:

  • у шырокапалага рака гладкі без шыпоў панцыр і толькі па краях невялікія зярністыя бугаркі, шырокія клюшні з добра развітымі асновамі, шырокі плоскі рострум, край рострума без зубцоў;
  • у вузкапалага рака пакрыты шыпамі і бугаркамі панцыр, доўгія вузкія клюшні, доўгі рострум, паралельныя краю рострума вострыя шыпы;
  • у амерыканскага паласатага рака светлыя чырвона-карычневыя палосы на брушной частцы цела.