«Рэгіянальная газета» пагутарыла з маладзечанскім рыбаком Мацвеем Мучынскім пра яго любімыя мясціны для рыбалкі, на што і як лепш за ўсё вудзіць. Мучынскі – адміністратар суполкі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» пра рыбалку.

Толькі досвед і практыка

Мацвей дзеліцца, што рыбакі заўсёды кажуць: «Клявала ўчора і заўтра». Такі выраз з’явіўся з-за таго, што кожны від рыбы капрызны. Толькі досвед і практыка дапамогуць разабрацца ў рыбалцы і прыехаць на месца лоўлі ў патрэбны дзень і час.

Любімыя вадаёмы

Любімая мясціна Мучынскага для лоўлі – Палачанскія разлівы. Вадаём стары, на ім рыбачыў яшчэ дзед Мацвея. Ён адносіцца да балоцістай мясцовасці, таму без ботаў і рыштунку лепш не ехаць. Асноўныя віды рыб, якія можна злавіць: карась, лінь, акунь, шчупак, краснапёрка, плотка. Мацвей кажа, што едзе туды па мірную рыбу.

– Лаўлю на разлівах карася ды ліня. Выкарыстоўваю дновыя снасці. У народзе іх называюць болды ці закідухі. Прынада самая класічная – бяру гнаявога чарвяка з пенапластам. А прыкормліваю просам, аўсянкай, кукурузай і печывам.

Мацвей тлумачыць, што далей усё залежыць толькі ад рыбакоў, надвор’я, часу лоўлі і поспеху.

Рака Уша Маладзечанскага раёна – адно з любімых месцаў лоўлі ў Мацвея. Рыбак кажа, што многія яе не ўспрымаюць усур’ёз. Аднак, калі ведаеш мясціны, сезон і час лоўлі, з гэтай ракі можна дастаць добрую рыбу.

– Рака ўвесь час у руху, таму тут ужо не пасядзіш. Трэба пастаянна рухацца і шукаць рыбу. З гэтай нагоды раю рыбачыць улегцы: вудзільна, вядро, часам патрабуецца падхват. Можна вудзіць на дамашняга і гнаявога чарвяка, дзядоўнік.

Асноўныя віды рыб на Ушы: плотка, акунь, пячкур, шчупак. Але Мацвей тлумачыць, што ў гэты спіс уваходзіць уся астатняя вядомая рыба. Дадзеная рака ўпадае ў многія іншыя вадаёмы, таму ніколі не ведаеш, што табе трапіцца менавіта сёння.

– Набярыцеся цярпення, і менавіта вам пашанцуе дастаць з дна ракі трафейную плотку на кілаграм!

Калі вы хацелі б расказаць пра свае рыбныя, ягадныя або грыбныя месцы, пішыце нам на адрас regionnews@rh.by.

• Текст доступен на языке: Русский