Ганна Антасюк вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, там жа гуляе за мясцовы валейбольны клуб «Надзея». Першыя два сезоны каманда выступала ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Наступныя тры сезоны, уключаючы і гэты, клубу з-за фінансавання давялося заяўляцца ў дывізіён Б.

Усе тры гады запар «Надзея» станавілася пераможцам чэмпіянату. У адным з сезонаў Ганна атрымала асабістую ўзнагароду – «Лепшаму сувязному чэмпіянату».

Сувязны – гулец, які стварае нападаючаму выгадную пазіцыю для ўдару.

Ганна Антасюк.

«Пляжны валейбол значна складаней»

– Калі параўноўваць класічны валейбол і пляжны, то для мяне пляжны значна складаней, пачынаючы з умоў надвор’я. Спякота +35 градусаў, дождж, моцны вецер – спаборніцтвы ўсё роўна праводзяць. І кожны гулец павінны быць універсалам.

Універсал – гэта гулец, які ўмее згуляць як у абароне, так і ў нападзенні, плюс да таго трэба аддаць добрую перадачу.

Ганна кажа, што ўвесь час трэба ўлічваць, што спартсмен пастаянна бегае на пяску. З гэтага вынікаюць цяжкасці: складана перамяшчацца, скакаць і іншае. Гульцы хутка марнуюць сілы, і ўвогуле гэта зусім іншая фізічная нагрузка, чым у зале. Што тычыцца падрыхтоўкі да гульняў і размінкі, то ніякіх адрозненняў і няма.

Раіць пагуляць у «пляжку» ў Маладзечне

Спартсменка любіць пляжны валейбол не менш за класіку. Яна расказвае, што, калі пачала займацца валейболам, трэніроўкі пераважна праходзілі ў зале, але як з’яўлялася магчымасць і дазвалялі ўмовы надвор’я, адразу пераходзілі на пясок.

Антасюк тлумачыць, што ёй падабалася, што трэніроўкі доўжыліся па пяць гадзін. Каманда адразу выконвала ўвесь трэніровачнай план, а пасля заставаліся з дзяўчатамі і гулялі да самага вечара. Валейбалістка ўспамінае, што ўжо ў канцы красавіка адкрывалі пляжны сезон.

– У парку ў Маладзечне ёсць выдатныя пляцоўкі для пляжнага валейбола. Там пастаянна праводзяць міжнародныя і рэспубліканскія спаборніцтвы, універсіяды, чэмпіянат і Кубак РБ. Ведаю, што любы ахвочы ў вольны час можа прыйсці туды і пагуляць. Галоўнае, каб было жаданне і добры настрой.

Пачынала кар’еру ў Маладзечне

Ганна прыйшла ў валейбол 11 гадоў таму з-за сваёй малодшай сястры. Яна пастаянна прыходзіла пасля трэніровак дадому і дзялілася, як ёй падабаецца, якія цікавыя трэніроўкі і вельмі добры трэнер. Праз некаторы час Ганна выпадкова патрапіла да сястры на трэніроўку, чакала яе на лаўцы і назірала за ўсім працэсам.

– Пасля заканчэння трэніроўкі да мяне падышоў трэнер сястры і спытаў, ці не хачу я паспрабаваць. Пагадзілася, так і трапіла ў каманду, – распавядае валейбалістка.

На працягу пяць год Ганна гуляла ў валейбол у Маладзечне. Па яе словах, гэта быў дзіцячы валейбол, таму што яны толькі пачыналі шлях у гэтым спорце. Удзельнічалі ў дзіцячай лізе, розных рэспубліканскіх спаборніцтвах, аматарскай лізе Мінска. Ганна ўспамінае свайго першага трэнера – Валерыя Віктаравіча Шумілава:

– Ён знаходзіў выйсце і даваў нам магчымасць расці і развівацца як гульцам, нягледзячы на ўсе цяжкасці. А тады яны былі заўсёды, асабліва фінансавыя.

• Текст доступен на языке: Русский