Аўтар “Рэгіянальнай газеты” пабываў у зоне адчуджэння і дзеліцца ўражаннямі.

Серыял НВО “Чарнобыль” наноў абудзіў цікаўнасць да тэмы самай буйной тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя.

Ужо мінула 33 гады ад той даты, а мы і па сёння добра не ведаем усіх акалічнасцяў тых жудасных дзён і тое, як сёння жыве зона, што яна сабой ўяўляе. Ва ўяўленні многіх Чарнобыль асацыюецца з тымі чорна-белымі фотаздымкамі апусцелых вёсак, якія друкавалі ў газетах пачатку 90-х. Мне неаднойчы ўдавалася пабываць у тых мясцінах, таму распавяду, як туды можна патрапіць легальна і што можна пабачыць.

Зона, забруджаная радыяцыяй, за калючым дротам. Падаецца, гэта першая асацыяцыя, якая ўзнікла з той тэрыторыяй. Тое, што мы называем зонай на тэрыторыі Беларусі – гэта Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Тэрыторыя, на якой афіцыйна стала не жывуць людзі, а толькі працуюць работнікі запаведніка, навукоўцы, леснікі і памежнікі.

Зона не мёртвая, там увесь час ёсць людзі і процьма жывёл. Большасць тэрыторыі абнесеная калючым дротам, але гэта з прычыны бяспекі.

Жыхары суседніх вёсак і па сёння не даюць веры ў радыяцыю і з ахвотай паехалі б ў запаведнік па дзічыну, грыбы-ягады ці дровы.

Для заезду на тэрыторыю радыяцыйнага запаведніка трэба атрымаць дазвол ад Дэпартамента аховы запаведніка. Адпаведныя паперы рыхтуюць каля месяца і атрымаць яго не так проста. Тут патрэбны найперш матывацыйны ліст альбо накіраванне ад навучальнай або іншай установы.

Аднаго вас нікуды не адпусцяць. Выдзяляюць аднаго з супрацоўнікаў запаведніка для суправаджэння. З патрэбнымі паперамі вы ідзяце на пункт пропуску, адмысловае КПП і ўжо адтуль можна пачынаць вандроўку па зоне.

Ёсць адна хітрасць. Аднойчы на год туды можна патрапіць без папер і пры гэтым афіцыйна. Гэта Радаўніца.

У гэты дзень межы запаведніка адчыненыя для наведнікаў, колішніх жыхароў выселеных вёсак. Каб усе ахвотныя маглі праведаць магілы дзядоў.

Чарнобыль паўсюль

Першы раз я патрапіў на гэту тэрыторыю чатыры гады таму. Быў моцна здзіўленым тым, што пабачыў.

Вакол запаведніка яшчэ адна зона – адсялення. Гэта тэрыторыя не так моцна забруджаная, як тая, што за калючым дротам. Адсюль ў 1986-м годзе высялялі мясцовых жыхароў. Збольшага з гэтых ваколіц рэпарцёры і прывозілі здымкі і сюжэты для навін.

Я пабачыў нармальную вёску без ніякіх прыкмет катастрофы. Тут жывуць павяртанцы, тыя, хто вырашыў вярнуцца на сваю зямлю і ў свой дом. Дагледжаныя агародчыкі, сады, усё як і паўсюль. Нават больш дагледжана і акуратна, чым можна пабачыць у асобных паўвымерлых вёсках нашага рэгіёна. Тыя здымкі вымерлых вёсак, якія везлі з Чарнобыля рэпарцёры, цяпер можна зрабіць паўсюль. Гэта ўжо не выклікае такі шок, як у канцы 80-х.

Адказ на гэту загадку даведаўся, як толькі паразмаўляў з мясцовымі ў вёсцы Навасёлкі і Дворышча Хойніцкага раёна. Аказваецца, гэта адмысловая дзяржпраграма па ўпарадкаванні забруджаных тэрыторый.

Усё выглядае прыгожа толькі таму, што апусцелае і закінутае знішчаецца штодня. Нежылыя дамы зарываюць ў велізарныя катлаваны экскаватарамі.

І пасля такой зачысткі вёска выглядае дастаткова натуральна. Адзінае, што калі галоўная вуліца ў вёсцы цягнулася на пяць кіламетраў, то сёння тыя ж Навасёлкі выглядаюць некалькімі хутарамі. Праз год-другі ад знішчаных вёсак не застаецца і следу. Іх прысутнасць можна вызначыць па могілках, якія сярод поля стаяць некранутымі.

Экскаватар працуе найперш каля буйных дарог, каб прыгажосць і дагледжанасць маглі пабачыць высокія госці і замежныя дэлегацыі, таму за ўражаннямі варта выбірацца ўглыб. Тут сапраўдныя постапакаліптычныя сюжэты. Закінутыя вёскі з цэлымі вуліцамі апусцелых дамоў і рэдкімі жыхарамі.

У кожнага павяртанца тут свая гісторыя, чаму вярнуліся і як жылі на забруджанай зямлі апошнія 30 гадоў. Ніхто не любіць казаць пра тое, але ўсе пакінутыя хаты былі разрабаваныя. Хто рабаваў, цяжка вызначыць.

Адна з такіх вёсак – Савічы Брагінскага раёна. Помнікі савецкім салдатам і цагляныя будынкі, велізарная школа і парослыя лазняком хаты – усё ў запусценні і выклікае неадназначныя пачуцці. Зблізу так выглядае ўся закрытая тэрыторыя запаведніка.

Запаведнік

З нядаўняга часу кожны ахвотны можа замовіць турыстычны маршрут па тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка. Беларускія ўлады нарэшце зразумелі, што на такім экзатычным турызме можна зарабляць. Абяцаюць спрасціць працэдуру па атрыманні допуску. Што ж там можна пабачыць?

КПП «Бабчын» стаіць на месцы былой аднайменнай вёскі. Тут знаходзіцца ўласна сам КПП, пажарная станцыя з вайсковай тэхнікай на гусеніцах, каб можна было даехаць у любы куток зоны, даследчая лабараторыя і жылы комплекс для навукоўцаў, музей.

Асобная тэма для беларускіх навукоўцаў – як уздзейнічаюць малыя дозы радыяцыі на жывёльны свет. Адмыслова для гэтых патрэб у Бабчыне пабудаваная пасека для пчол і велізарны загон-матачнік для кабыл і іх малых жарэбчыкаў.

Выдатнае месца, каб пафатаграфаваць. Але тут шмат афіцыёзу і мала цікавага, калі едзеш за іншымі ўражаннямі. Далей, у глыбіні зоны, маецца і зубрагадавальнік, але там варта пабываць узімку, калі для лясных волатаў мала ежы і яны на вячэру ідуць да кармушак.

Усе дарогі ў зоне ў добрым стане. Гэта неабходна найперш, каб хутка тушыць пажары. Засталіся ўказальнікі з назвамі былых вёсак. На беларускім баку іх было каля 95. І сёння яны яшчэ існуюць у выглядзе драўляных шкілетаў. Асобныя цагляныя хаты здалёк, быццам міражом, падаюцца жылымі.

Пра гэта не прынята казаць, але часам можна пачуць, што неафіцыйна ў зоне жывуць людзі. Не супрацоўнікі запаведніка і леснікі, якія там нясуць службу цягам двух тыдняў на месяц, а выхадцы з сярэднеазіяцкіх рэспублік. А чаму б і не? Там процьма жывёл, поўная свабода і незалежнасць. Адзінае, што радыяцыя, якая павольна забівае.

Выбіраючыся ў такое падарожжа лепей браць з сабой запасную вопратку. Тую, якую не шкада пасля пакінуць на сметніцы. За яркімі фарбамі жывой прыроды хаваецца радыяцыя. За тры дзесяцігоддзі яна нікуды не знікла і больш за ўсё яе ў зямлі.

Дазіметры звіняць без перапынку. Пры норме ў 0,33 месцамі доза падскоквае да 200-400 адзінак. Паржавелы пажарны катар на прытоку Прыпяці выдае дозу ў 225, а пясчаная дарога да пасёлка Сонечны – да 400.

Містыка зоны

Ёсць рэчы, на якія звяртаеш увагу адразу. Штосьці справакавалі турысты, але некаторыя рэчы адбыліся без уплыву людзей.

26-га. Натуральна, што ў зоне жыццё гэтым днём не спынілася і афіцыйна адсяляць пачыналі толькі 3-4 мая 1986 года. Розныя лісткі календара на бачным месцы апусцелых дамоў з гэтай лічбай не болей як след мінулых вандровак па зоне. Калі добра прыгледзецца, то такіх слядоў будзе процьма. Гэта і выцягнутыя з кустоў шкілеты матацыклаў і іншай тэхнікі, развешаныя савецкія агітацыйныя плакаты.

Са слоў супрацоўнікаў запаведніка, на ўсіх могілках дрэвы пассыхалі. У гэтым я неаднойчы пераканаўся. Проста пасярод квітнеючай зеляніны у межах могілкавай агароджы стаяць сухія дрэвы. Дзіўна гэта выглядае.

Лялькі без твараў. Яны паўсюль такія, і тут не паверыш у нейкую адметную гульню турыстаў альбо сталкераў (турыстаў-нелегалаў), калі сам бачыш на ўласныя вочы, як птушкі клююць забытыя цацкі.

Вандраваць альбо не па такім маршрутам, кожны вырашыць за сябе. Варта ведаць, што гэта можа быць небяспечна і збочваць нікуды не трэба. Нечага звышнатуральнага вы не пабачыце. Усё тая ж беларуская вёска, якая даўно памірае.

• Текст доступен на языке: Русский