Фота svaboda.org

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў праграме «Контуры» на тэлеканале ОНТ назвала магчымую дату выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — 30 жніўня 2020 года, паведамляе БЕЛТА.

Кажучы пра аптымальны час правядзення выбараў кіраўніка дзяржавы, старшыня ЦВК адзначыла, што гэта ранняя вясна. «Але ў нас толькі выбары пройдуць у лістападзе, а ў снежні мы толькі сфарміруем парламент, — канстатавала яна. — Таму праз тры месяцы — гэта значыць, трэба адразу прызначаць прэзідэнцкія выбары. А для чаго мы тады пераносілі гэтыя?».

«Думаю, што прэзідэнцкая кампанія, хутчэй за ўсё, пройдзе ў той тэрмін, які вызначаны Канстытуцыяй. Апошняя магчымая нядзеля — 30 жніўня 2020 года. Думаю, што гэта з вялікай верагоднасцю і ёсць дата выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — сказала Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, з аднаго боку яшчэ будзе лета, але з іншага — 30 жніўня — гэта час, калі большасць грамадзян вяртаюцца з адпачынкаў, прынамсі людзі, у якіх ёсць дзеці, з’язджаюцца студэнты. Таму насельніцтва ў большай частцы будзе знаходзіцца ў месцы сваёй рэгістрацыі.

30 жніўня — раней гэта быў дзень нараджэння Аляксандра Лукашэнкі, але ў 2010 годзе ён яго памяняў на 31 жніўня, дзень нараджэння сына Мікалая. У 2020 годзе кіраўніку Беларусі споўніцца 66 гадоў.

«Але гэта пакуль толькі здагадка», — заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама. Як паведамлялася, у пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2019 годзе ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, як і планавалася, пройдуць у 2020 годзе. Чакаецца, што выбары ў Савет Рэспублікі адбудуцца 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада.

• Текст доступен на языке: ruРусский