У Вілейскім раёне ад летняга маёнтка Агінскіх засталіся ўсяго дзве капліцы. Гэта адзінае, што нагадвае пра вялікі сядзібна-паркавы комплекс, які быў пабудаваны ў 1765 годзе. Вілейскія актывісты і сябры суполкі аховы помнікаў расказваюць, што капліцы могуць разбурыцца канчаткова ўжо зусім хутка.

«Трэба працаваць ужо цяпер»

У 1765 годзе архітэктар Тадэвуш Жаброўскі завяршыў будаўніцтва летняга маёнтка Агінскіх у Ручыцы. У тым жа годзе пабудавалі і капліцы, якія сталі часткай сядзібна-паркавага ансамблю. Палац быў разбураны ў 1943 годзе, і ад маёнтка засталіся толькі дзве капліцы.

– Гэта адзіныя старыя пабудовы, якія захаваліся ў гэтых мясцінах. І Клеафас Агінскі любіў адпачываць у Гануце», – расказвае кіраўнік Вілейскай суполкі аховы помнікаў Дзяніс Канецкі.

Сябра Вілейскай суполкі аховы помнікаў Павел Хаванскі расказвае, што архітэктурныя помнікі знаходзяцца ў дрэнным стане. У 2009 годзе актывісты ўсталявалі драўляныя навесы над імі, каб захаваць ад неспрыяльных умоў надвор’я. Праз нейкі час ужо сельвыканкам зрабіў такія ж навесы. Па словах Хаванскага, гэтага цяпер недастаткова.

– Капліцы ўсё роўна разбураюцца. Неабходна працаваць ужо цяпер, і таварыства аховы помнікаў дзейнічае ў гэтым накірунку. Але таксама трэба разумець, што дадзеныя помнікі на балансе сельвыканкама, – распавядае Павел.

Згодна з Законам «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Беларусі» мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўдзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Вёска Ручыца знаходзіцца ў складзе Нароцкага сельвыканкама. Выканальнік абавязкаў старшыні Вольга Гром адказала, што капліцы знаходзіцца пад кантролем, але на дадзены момант ніякіх каментароў да выхаду старшыні з адпачынку сельвыканкам не дае. Яна патлумачыла, што, хутчэй за ўсе, пытанні па капліцах будуць вырашацца напрыканцы жніўня.

Адна з капліц – тая, што знаходзіцца каля лесу. Фота забяспечанае Паўлам Хаванскім

Разбурэнне культурнай спадчыны асуджае міжнародная супольнасць

У 2016 годзе Савет па правах чалавека аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае ўсе дзяржавы выконваць, заахвочваць і абараняць правы кожнага чалавека прымаць удзел у культурным жыцці, уключаючы магчымасць доступу да культурнай спадчыны і карыстання ёй.

У гэтай заяве асуджаецца наўмыснае разбурэнне культурнай спадчыны і ўтрымліваецца заклік да выяўлення прыкладаў перадавой практыкі для яго папярэджання, а таксама да «павышэння дасведчанасці аб сувязі паміж аховай культурнай спадчыны і правамі чалавека і пра рызыкі, з якімі сутыкаюцца абаронцы культурнай спадчыны».

Праваабаронца Эдуард Баланчук лічыць, што Міністэрства культуры таксама павінна сачыць за станам архітэктурных помнікаў.

– На гэта павінны выдаткоўвацца сродкі, праводзіцца адмысловыя работы. Помнікі павінны мець «чалавечы» выгляд, – лічыць Баланчук.

Капліца, якая знаходзіцца ў полі. Фота забяспечанае Паўлам Хаванскім.

Міністэрства культуры: капліцы на балансе Нароцкага сельвыканкама

Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» звязалася з начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталляй Хвір. Хвір растлумачыла, што рэшткі былой сядзібы пад наглядам мясцовага органа кіравання. Капліцы на балансе Нароцкага сельвыканкама таму, што яны ўключаныя ў трэцюю катэгорыю аб’ектаў аховы.

Капліцы знаходзяцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Усе аб’екты, якія ёсць у гэтым спісе, падзяляюцца на катэгорыі. Ручыцкія капліцы ўключаныя ў трэцюю катэгорыю. Гэта катэгорыя помнікаў – аб’екты рэгіянальнага, мясцовага значэння. Як правіла, яны фінансуюцца са сродкаў мясцовага бюджэту.

– Зыходзячы з палажэння заканадаўства – Кодэкса аб культуры і Закона аб мясцовым кіраванні – мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы нясуць адказнасць за захаванасць помнікаў культуры. Яны абавязаныя гэтым займацца, – распавядае Хвір.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «РГ».

• Текст доступен на языке: Русский