Фота housershoes.com

Аддзел дзяржаўнага нагляду Гродзенскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту пры правядзенні праверкі і лабараторных даследаванняў выявіў небяспечны дзіцячы абутак кітайскай вытворчасці. Яго прадавалі ў адным з гандлёвых аб’ектаў у Астраўцы.

Падкладка макасінаў «Калабок» і GFB, а таксама басаножак «М.Мічы» і «Міфер», прызначаных для дзяцей ясельнага ўзросту, апынулася са штучнай скуры, хоць маркіроўка паказвала на тое, што яна зробленая з тэкстылю.

Фота ostrovets.by

ВАЖНА

Не дапускаецца выраб падкладкі закрытага абутку для дзяцей усіх узростаў і падкладкі адкрытага абутку для дзяцей ясельнага ўзросту са штучнай скуры.

Штучныя або сінтэтычныя матэрыялы можна выкарыстоўваць у якасці матэрыялу верху у летнім, веснавым і восеньскім абутку для дзяцей ясельнага ўзросту, калі падкладка абутку выкананая з натуральных матэрыялаў.

Гандлёваму аб’екту забаранілі рэалізацыю небяспечных макасінаў і басаножак. Імпарцёр прадукцыі апавешчаны аб тым, што абутак небяспечны, а таксама пра тое, што яго неабходна выключыць з тых гандлёвых аб’ектаў, у якіх яго пастаўлялі.

• Текст доступен на языке: Русский