Я некалькі тыдняў змагалася з задумай гэтай калонкі, адцягвала, пачынала пісаць і выдаляла ўсё, бо мае тлумачэнні і прыклады выглядалі банальнымі ці недарэчнымі. А сёння, нарэшце, зразумела, чаму: пытанне першапачаткова зададзенае крыва. Альбо, дакладней, навыварат. Паспрабую напісаць, чаму.

Калі вы, дарагія чытачы, не першы дзень сочыце за тым, кім я ёсць (напрыклад, чаму вывучыла беларускую мову, чаму пачала пісаць вершы і іншыя тэксты па-беларуску і чаму пайшла ў аспірантуру па беларускай філалогіі), то вы, напэўна, ужо ведаеце, што я чалавек, як мінімум, нетыповы.

Сумна, але адно валоданне беларускай мовай пра гэта сведчыць, хоць я ведаю яшчэ які тузін моў, якія не выклікаюць такога здзіўлення сярод іх носьбітаў.

Але маем, што маем, і ведаем сваю сітуацыю. Збіваюся з тэмы. У любым выпадку, мая беларуская мова, мая творчасць і, канешне, мая дысертацыя з’яўляюцца аб’ектам безлічы пытанняў, якія паўтараюцца па чарзе:

«Анхела, а чаму ты вывучыла беларускую мо­ву?», «Не, але чаму менавіта беларускую? Ча­му ты яе выбрала?», «А калі ты пачала вершы пісаць?», «У якім узросце друкавалася ўпершыню?», «Ці заўжды пішаш толькі па-беларуску?», «А навошта табе аспірантура па філалогіі?», «Чаму пішаш дысер пра беларускую літаратуру ХІХ стагоддзя?».

Ведаеце, гэтыя пытанні стамляюць мяне (сілай паўтору) і, часам, у залежнасці ад тону суразмоўцаў, нават злуюць. Але я адчуваю, што ў стане на іх адэкватна адказаць. Ёсць прычыны, чаму пачала вывучаць беларускую мову. Быў момант, калі вырашыла напісаць свой першы верш на беларускай мове. Натуральна, я мэтанакіравана пайшла ў аспірантуру і мела нейкія планы ў галаве. На гэтыя пытанні адказ­ваць не цяжка, бо яны зададзеныя ў станоўчым ключы: «Чаму ты хочаш/робіш/плануеш Х?»

А цяпер пяройдзем да тэмы сённяшняй калонкі. Я жанчына, мне пад 30 (прабачце), і я не нараджала дзяцей. Пару гадоў таму беларускія знаёмыя пачалі хвалявацца за мой дабрабыт і задаваць пытанне «калі». Ну і беларусы, іспанцы і людзі ўсіх магчымых нацыянальнасцяў кажуць такія рэчы, як «вось калі ў цябе будуць свае дзеткі», «вось станеш мамай і пабачыш», «наро­дзіш – зразумееш». Ну, вы таксама чулі такое?

А ёсць такі момант: я не хачу сваіх дзяцей. Калі я тлумачу сябрам і знаёмым, што дзеці не ў маіх планах, то задаюць усе адно пытанне: «А чаму ты не хочаш дзяцей?»

Фота mtdata.ru.

Вось гэта пытанне, можна сказаць, задала рэдакцыя «РГ»: «А напішы артыкул пра чайлдфры, пра тое, чаму ты не хочаш дзяцей, як успрымаюць, і г. д.». Дык пачну ад успрымання. Успрымаецца гэ­та чамусьці даволі кепска: некаторыя адмаўляюць рэчаіснасць («не, ну, пасталееш, захочаш, куды ж падзенешся»), альбо адмаўляюць мне ў праве вырашыць для сябе, хачу дзяцей ці не хачу («вось твой муж захоча дзяцей, ты яму ж наро­дзіш, канешне»), альбо, што найгорш, успрымаюць маё нежаданне як асабістую крыўду («ну, а што ж такое дрэннае ў мацярынстве? У мяне трое дзяцей, а яны кветкі майго жыцця»). Нават тыя людзі, якія не ўспрымаюць гэту маю характарыстыку зусім адмоўна, моцна здзіўляюцца. І заўжды пытаюць: «А чаму не?»

Вось бачыце, чым пытанне крывое? Яно зададзенае на негатыве. Я магу адказаць на пытанне, чаму ты вывучыла беларускую мову, затое нашмат цяжэй знайсці адказ на пытанне, а чаму не вывучыла суахілі? Магу адказаць, чаму выбрала філалогію, але не магу вызначыць, чаму не стала інжынерам. Тое ж самае і з дзецьмі, дарэчы.

Як вы сябе адчувалі б, калі б я вас, сябры, спытала, чаму не набываеце сабе слана на лецішча? Проста не хочаце і ўсё? А слончыкі такія мілыя, пагадзіцеся.

Фота elephantsintheroom.co.uk.

Тут нешта падобнае: я выбіраю ў сваім жыцці тое, што робіць мяне шчаслівай і дае адчуванне самарэалізацыі. Гэта вывучэнне моў і літаратурная творчасць. Гэта музыка, навука і сяброўства. І так, гэта выкладанне і… Маленькія пляменнікі. Між іншым. Але нараджэнне ўласных дзяцей проста не знаходзіцца ў спісе маіх радасцяў, мараў і жаданняў. І я мяркую, што добрыя бацькі і маці – гэта тыя, хто вельмі хоча і вельмі чакае сваіх дзяцей і цалкам адда­дзены мроі выхаваць іх, каб яны былі добрымі і, у меру магчымасцяў, шчаслівымі. Мяркую, было б нашмат цікавей спытаць у бацькоў, чаму яны прынялі рашэнне стварыць новыя жыцці, як яны спраўляюцца і як працэс ідзе. Вось гэта цікава і варта ўвагі.

З тае прычыны, калі пытанні і рэмаркі пачаліся, я не разумела іх сэнсу. Мяне не пытаюць ні пра што іншае з таго, чаго я не хачу рабіць. Пытаюць пра шлях, які я выбрала (што лагічна), але не пра мноства дарог, якія застануцца непазнанымі: жыцця не хапае на ўсё, і чалавек не можа бясконца думаць пра гіпатэтычныя «іншыя» жыцці і паралельныя сусветы.

Пытанне ўсё ж паўтаралася ды паўтаралася, і таму я задумалася над прычынай гэтай з’явы і зразумела, што нараджэнне дзяцей успрымаецца як імператыў многімі людзьмі. Як абавязак альбо нават «натуральная частка жыцця». Усе гэта робяць, і ўсё. І трэба, каб усё як у людзей. А чаму?

На справе, гэта вялікая адказнасць і важны выбар у жыцці чалавека. Калі рашэнні, якія ўплываюць толькі на ўласнае жыццё, яшчэ можна прымаць імпульсіўна (пайсці на нейкую вучобу ці не пайсці, альбо пераехаць у іншую краіну ці не пераехаць), мне здаецца, што трэба вельмі добра падумаць перад тым, як вырашыцца «прымусіць» новага чалавека да існавання з небыцця і займацца гэтым новым жыццём цягам самых складаных гадоў, калі дзіця цалкам залежыць ад дарослых.

Паўтараю, захапляюся тымі, хто з гэтым спраўляецца.

Я магла б прыдумаць тысячу і адну прычыну, чаму я не хачу нара­дзіць (грошы там, час, страхі…), але ўсе прагучалі б, як адмазкі, бо актыўна можна хацець чагосьці, а не наадварот. Я проста не хачу. Цяпер я часта жартую з гэтага, кажу: «Чым меней у мяне сваіх дзяцей, тым больш падарункаў будзе ў маіх пляменнікаў». І маецца на ўвазе ў пляменнікаў па крыві і ў дзяцей блізкіх сяброў. Я, насамрэч, вельмі люблю дзяцей, калі на адносна кароткі прамежак часу. Магу імі займацца, спяваць ім, іграць на піяніна, тлумачыць розныя рэчы. Маёй старэйшай пляменніцы чатыры гады, і яна любіць танцаваць, пакуль я іграю на піяніна. Малодшы вельмі любіць, калі я хаваю твар за далонямі, знікаю з быцця і, бах! Вось тут і цётка! А ты паверыў!

Фота bigthink.com.

Мае падарункі пляменнікам, спадзяюся, будуць розныя. Ёсць матэрыяльныя, канешне: вопратка, якой заўжды не хапае, дзеці ж растуць, цацкі. Ёсць нематэрыяльныя: мой час, мая музыка, мае аповеды.

А яшчэ, спадзяюся, будзе станоўчы прыклад крыху альтэрнатыўнага жыццёвага шляху, які навучыць іх талерантнасці да чужога выбару.

• Текст доступен на языке: Русский