У рацэ Дзвіна ў Полацку вылавілі цела мужчыны. Цяпер міліцыя ўстанаўлівае яго асобу.

Як паведамляе мясцовы тэлеканал «Саммит+ТВ», цела знайшлі 10 ліпеня. Мужчына быў апрануты ў чорную спяцоўку з надпісам «ЗМИ» на шаўроне. Пад курткай былі зялёнае пакрывала з прарэзам для галавы, сіняя фуфайка з кароткім рукавом, перароблены пад майку адрэзак прасціны. На нагах — чорныя штаны і чорныя чаравікі. На галаве была карычневая вязаная шапка, на руках — падвойныя вязаныя пальчаткі чорнага колеру. У кішэнях знайшлі чорныя шкарпэткі і дзве лыжкі.

На выгляд мужчыну было ад 35 да 50 гадоў, рост — 171 см, валасы цёмна-каштанавыя, месцамі з сівізной, даўжынёй да 2 см.

Цялесных пашкоджанняў пры аглядзе трупа не выяўлена.

Да пакрывала дротам былі прывязаныя патэльня (ззаду) і гантэль вагой 3-5 кг (спераду). Труп быў падперазаны медным дротам. Ніжняй бялізны на мужчыну не было.

Полацкія міліцыянеры просяць усіх, хто мае якую-небудзь інфармацыю пра гэтага чалавека, паведаміць у мясцовы РАУС. Тэлефоны: (8-0214) 42-60-84, 42-21-51, (8-029) 713-02-27 і 102.

• Текст доступен на языке: Русский