Такімі пернікамі частавалі на першым фэсце юшкі. Фота РГ.

17 жніўня на гарадскім пляжы Вілейскага вадасховішча зладзяць чарговы «Юшка-фэст». Свята пачнецца ў 13.00.

Фішкай сёлетняга свята стала тое, што вілейчукі маглі прапанаваць арганізатарам свае ідэі для правядзення.

– Цікавых ідэй было шмат, – расказала карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» старшыня таварыства «ЗОВіК» Таццяна Цітуленка, – Але не ўсе мы зможам увасобіць.

Так, прапанавалі зладзіць палёт на паветраным шары. Аднак, для такой ініцыятывы патрэбна выдзеліць пляцоўку мінімум 50 на 50 метраў. А месца на гарадскім пляжы і без таго не шмат.

А вось прапанову фаст-фуда ў аўтобусе, хутчэй за ўсё ўвасобяць. Днямі паедуць глядзець, куды лепш паставіць такі аўтобус.

– Прыемна, што ў гэты раз ад людзей адчуваецца толькі пазітыў. Няма ніякай крытыкі свята ў сацсетках, – падзялілася Таццяна Цітуленка.

Што чакае наведнікаў «Юшка-фэсту»

  • майстар-клас па прыгатаванні юшкі ад Вілейскага дзяржаўнага каледжа
  • водныя забегі для розных узростаў
  • спартыўныя спаборніцтвы
  • інтэлектуальныя конкурсы
  • гульнявыя пляцоўкі
  • гандлёвыя рады
  • водная фіерыя ад МНС
  • выступы спевакоў і музычных гуртоў
  • конкурс караоке
  • акцыя «Добры ровар»
  • конкурс па паяданні пельменяў
  • конкурс лазапляцення сярод майстроў
  • феерверк на вадзе
  • прэзентацыя экалагічных падвор’яў ад сельвыканкамаў
  • апытанне наведнікаў пра тое, што зрабіць, каб Вілейшчына стала больш экалагічнай

А яшчэ, калі вы прыдзеце на свята са сваім кубкам, вам бясплатна наліюць у яго квас!