Якая наша рэгіянальная кухня? Навошта праводзіць “Луку”? Што такое сямейная абраднасць? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна знайсці на вулічнай фотавыставе ў цэнтралізаванай клубнай сістэме.

На экспазіцыі “Каларыт Маладзечанскага краю” прадстаўленыя фотаздымкі з этнаграфічнай экспедыцыі па 20 населеных пунктах рэгіёна. Рэгіянальная кухня, абрады “Лука” і “абракання”, маляваны дыван, вясельныя ручнікі і шмат іншых фота можна пабачыць ад 9 жніўня да 9 верасня. Выстава будзе працаваць перад уваходам ва ўстанову клубнай сістэмы ад 9 да 17 гадзін.

Як сабралі выставу

У Год малой радзімы як ніколі актуальна звярнуцца да сваіх каранёў, сваёй спадчыны. Ад 10 да 16 чэрвеня вядучы метадыст па фальклоры цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Трубач разам з удзельнікамі этнаграфічнага клуба “Кола” і актывістамі з Мінска, Барысава і Бабруйска зладзілі этнаграфічную экспедыцыю па Маладзечанскім раёне. Яе мэтай было даследаваць матэрыяльную і нематэрыяльную традыцыйную культуру. Удзел прынялі 11 чалавек.

На працягу тыдня даследавалі 20 населеных пунктаў: Бортнікі, Пранчэйкава, Русалішкі, Сысуны, Кухары, Выдрычы, Гасцілы, Пятроўшчына, Селеўцы, Рэдзькі, Гердуцішкі, Шалыгі, Кучкі, Скавародкі, Лебедзева, Готкавічы, Занкавічы, Беніцу, Дубрава, Маліноўшчыну.

Вынікам этнаграфічнай экспедыцыі стала інфармацыя, якую зафіксавалі:

  • абрад “Лука”, спецыфічны для Маладзечанскага раёна, дзейнічае і на сёння;
  • музыкі раёна;
  • рэгіянальная кухня;
  • абраднасць: Купалле, Траецкія дзяды, Вялікдзень, Каляды;
  • сямейная абраднасць: вяселле – запісалі вясельныя песні;
  • абрад “абракання” падчас Другой сусветнай вайны;
  • народная проза: прыпеўкі;
  • танцы і іншае.

Зафіксавалі ўнікальныя артэфакты: маляваны дыван 1943 года ў вёсцы Кучкі, выраблены маладзечанскім майстрам Сахутам, а таксама вясельны імянны ручнік, які падарылі ў калекцыю Цэнтру традыцыйнай культуры і побыту Плябані. Таксама жыхары вёсак перадалі лубкі, даматкань, настольнікі, ручнікі.

Этнаграфічны клуб «Кола» ладзіць экспедыцыю па Маладзечаншчыне. Запрашаюць далучацца

• Текст доступен на языке: Русский