Фота Настассі Уткінай.

Карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» шукала грыбы ў Маладзечне, але гандляры кажуць, што цяпер на прылаўках можна знайсці толькі ягады ці гародніну. Разабраліся, якімі прадуктамі гандлююць і чаму ў лясах засталіся адны лісічкі.

«Раніцай знайшла маленькі баравік»

Міні-рынак у Красным ці не самае пазнавальнае гандлёвае месца на трасе Маладзечна-Мінск. Менавіта тут стаяць гандляры кожны дзень з раніцы да вечара. На пачатку тыдня ахвотных няшмат: чатыры жанчыны ў адзінаццаць павольна раскладваюць гародніну з садавінай на паліцы.

– Не, грыбоў у нас няма, – кажа жанчына, да якой падышла спачатку. – Сёння раніцай у нас быў адзін баравік, а так толькі лісічкі і ніхто іх не збірае на продаж.

Гаворку пачулі другія гандляры і распавялі, што здарылася з грыбамі ў жніўні.

– Гэта я знайшла баравік, але адразу мы яго прадалі. Грыбы не шукайце: іх няма! Можа, у лесе знойдзеце лісічкі, але другія гнілыя ці з чарвякамі.

У апошні час у Маладзечанскім раёне не было дажджоў, таму ў лясах суха. З-за гэтага колькасць грыбоў зменшылася, а хадзіць па лісічкі гандляры не хочуць.

Ажыны, брусніцы і чарніцы

На паліцах у жанчын стаялі слоікі з ажынамі і чарніцамі. Гандляры кажуць, што цяпер гэта самы хадавы тавар з ягад.

На лаўцы сядзела сталая жанчына. У яе на прылаўку стаялі два слоікі з брусніцамі. Яна распавяла, што ёй ужо больш 70 гадоў і ягады збіралі ўнукі. Пытаюся, а чаго яе адправілі прадаваць брусніцы, а не самі пайшлі на рынак.

– А яны мне прынеслі і кажуць, каб рабіла з імі ўсё, што я хачу: варэнне ці яшчэ што-небудзь. А я вырашыла прадаць!

Гародніна пераважае астатнія прадукты

– Прачынаемся ў шэсць гадзін, ідзём на агарод, а потым сюды, – распавядае жанчына, якая знайшла баравік, і паказвае на прылаўкі міні-рынку. – Нас няшмат, некаторыя на працы цяпер.

Жанчыны кажуць, што самы выгадны дзень для гандляроў і пакупнікоў – нядзеля. Гандлююць ад пачатку дарогі, тавараў таксама тады больш. Але часам дзень тыдня не важны: пакупнікам заўсёды нешта трэба.

Каля гандляроў машыны спыняліся часта. Ягады не бралі, а гароднінай цікавіліся больш. Пакуль мы размаўлялі з жанчынамі пра ўмовы працы і колькі патрабуецца часу, каб сабрацца на рынак, пад’ехаў пакупнік. Мужчына з дзяўчынкай выйшаў з джыпа і падышоў да прылаўкаў.

– Глядзіце, якія ў нас ажыны! Бярыце, бярыце!

Гандляры спрабуюць хутчэй прадаць ягады, але мужчына адмаўляе – кажа, што ў яго свае ёсць. Яго зацікавілі памідоры, якіх ён набраў поўны пакет. Акрамя памідораў на прылаўках процьма морквы, гарбузоў, цыбулі, часнаку і кабачкоў. Асобна стаяць вёдры з бульбай розных гатункаў.

• Текст доступен на языке: Русский