Піша настаўнік гісторыі Лебедзеўскай школы Антон Апанасевіч.

На фотаздымку мы бачым ляплёнку – дом з гліны, які калісьці належаў карэннаму жыхару мястэчка Лебедзева Максіму Фёдаравічу Посаху.

Пабудаваў ён яго прыкладна ў пачатку 1930-х гадоў у часы Польшчы. У аснове пабудовы каркас старога дома. Першапачаткова ляплёнка ўяўляла сабой “жывую” гліну і мела бураваты колер.

Летам ад сонцы колер будынка станавіўся больш светлым.

Гліняны матэрыял вабіў да сябе пчол, якія майстравалі ў сценах ляплёнкі гнёзды. Звонку пчаліныя гнёзды нагадвалі адтуліны з невялікімі рыхлымі выступамі. Наяўнасць у сценах дома пчаліных гнёздаў стварала для сям’і дыскамфорт, нягледзячы на тое, што працавітыя насякомыя паводзілі сябе мірна.

Першыя гаспадары

Першы гаспадар будынка Максім Фёдаравіч, узвёўшы яго для сваёй сям’і, у хуткім часе памёр. Са слоў сваяка Посахаў Фёдара Ігнацьевіча Семашкевіча (1929 – 2019), Максім Фёдаравіч падарваў здароўе цяжкай працай у час будоўлі, і ад гэтага памёр.

Пасля вайны, калі дастатак сям’і вырас, сын Посаха Уладзімір Максімавіч (1921 – 2009) надаў будынку больш прывабны выгляд. Спачатку атынкаваў яго, а потым пабяліў. У такім выглядзе дом захаваўся да сёння.

Бацька Максіма, Фёдар Посах, быў заможным гаспадаром. У савецкія часы такіх людзей звалі кулакамі. Фёдар меў вятрак (ветраны млын), манежную (стацыянарную) малатарню і на той час вялікі сад. Гэту буйную гаспадарку атрымаў у спадчыну ад бацькі Якуба.

Якуб нарадзіўся ў пачатку 19 стагоддзя. Менавіта пры ім Посахі набылі малатарню і вятрак.

Як мяркуюць старажылы, у Лебедзеве першыя ветракі з’явіліся пасля вайны Францыі і Расіі.

У мястэчку ў канцы 1812 года, пасля адступлення французаў, некалькі гадоў жыў галандзец, які быў удзельнікам напалеонаўскага паходу на Маскву. Лічыцца, што ён і навучыў мясцовых умельцаў майстраваць малатарні і ветракі.

Жонка Якуба паходзіла са старадаўняга лебедзеўскага роду Закрэўскіх. Амаль усе дарослыя мужчыны гэтага роду займаліся кушнерствам. Многія стагоддзі таму назад, калі яшчэ ў Лебедзеўскай пушчы вадзіліся мядзведзі, яны выраблялі на продаж мядзведжыя шкуры. У Лебедзеве ведалі Закрэўскіх і як добрых прадпрымальнікаў.

Ля іх дома знаходзілася сажалка. У ёй кушнеры перад апрацоўкай вымочвалі шкуры звяроў і свойскай жывёлы. Закрэўскія салілі ў дубовых бочках агуркі і захоўвалі іх у вадаёме ад канца лета аж да вясны.

Пазней, калі сыходзіў лёд, яны выгадна прадавалі салёныя агуркі на рынку, ствараючы канкурэнцыю мясцовым яўрэям. У 1946 годзе Закрэўскія пакінулі Лебедзева, выехаўшы на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу.

Дом Посахаў у Лебедзеве.

Французы ў Лебедзеве

Яшчэ адзін цікавы эпізод, які звязаны з вайной 1812 года. Аб ім расказала Ганна Ігнацьеўна Семашкевіч, якая пражыла 105 год. Звесткі пра тую вайну Ганне перадаў яе бацька Ігнат, якому некалькі разоў апавядаў пра падзеі 1812 года яго бацька Кандрат. Кандрату ў час вайны з Напалеонам было сем год, і ён добра запомніў адну з сустрэч з французамі.

Летам 1812 года праз Лебедзева рухалася на Маскву адна з груповак французскай арміі на чале з маршалам Даву. Частка французаў спынілася ў Лебедзеве на некалькі дзён для адпачынку і папаўнення запасаў правіянту, гарэлкі і матэрыяльных рэчаў.

Па расказу Ганны, у Лебедзеве французы не займаліся марадзёрствам і рабаўніцтвам мясцовага насельніцтва. Тым не менш, розныя слаі лебедзеўскага грамадства паводзілі сябе па-рознаму ў адносінах да прышлых.

Яўрэі, а гэта была большая частка тутэйшых жыхароў, стараліся ўслужыць французам. Адны з іх мусілі размясціць у заезных дамах (корчмах) на пастой афіцэраў, другія – яўрэі-рымары, рамантавалі рыштунак (вупраж) для запрагання коней, трэція забяспечвалі французскае войска прадуктамі і фуражом.

Шляхта спадзявалася на аднаўленне французамі Вялікага Княства Літоўскага і па гэтай прычыне падтрымлівала іх усімі магчымымі спосабамі. Просты люд трымаўся нейтралітэту і стараўся быць воддаль.

Ды і французы не мелі асаблівай патрэбы шукаць з імі кантакты. Многія дарослыя хаваліся ў гумнах, Казлоўскім рове і іншых сховішчах. Былі і такія, хто сышоў з небагатым пажыткам у лес. Дарослыя, каб не баяцца за сваіх дзяцей, якія праяўлялі асаблівую цікавасць да іншаземцаў, імкнуліся запужаць падлеткаў. Бацькі гаварылі ім: «Бойцеся іх! Французы садзяць малых дзяцей на пікі».

Як дзяцей пужалі пікамі

У адзін з дзён знаходжання французаў у нашым мястэчку некалькі ваенных зайшлі ў двор да Посахаў, але там нікога не засталі. Тады завіталі да іх суседзяў. Дарослыя былі ў гумне і адтуль назіралі за няпрошанымі гасцямі. Іх дзеці – трое хлопчыкаў, сярод якіх быў і Кандрат, схаваліся пад падрубай печы, дзе зімой захоўвалі курэй ад маразоў. У аднаго з падлеткаў, які вельмі спяшаўся, ногі засталіся звонку.

Французы, зайшоўшы ў дом, адразу іх запрыкмецілі. Салдаты паводзілі сябе мірна, стараліся не напужаць дзяцей яшчэ больш. Асцярожна, пры дапамозе жэстаў, ваенныя прымусілі падлеткаў вылезці з-пад печы. Салдаты былі без зброі. Хлопчыкі адразу ўбачылі, што ў ваенных не было тых пікаў, якімі так часта пужалі іх дарослыя.

Адзін з французаў, вельмі высокі, трымаў у руках паланачкі – маленькія драўляныя начоўкі. Як потым стала вядома, у іх быў мёд з вашчынай. Дзе і ў каго гэты мёд французы ўзялі, хлопчыкам было невядома.

У той час для дзяцей мёд быў рэдкім пачастункам. Многія з дзяцей той пары ўвогуле яго ніколі не каштавалі і нават не бачылі.

Салдаты, асвоіўшыся ў сялянскай хаце, павялі сябе, як гаспадары. На стале, накрытым льняным настольнікам з кутасамі, ляжаў чорны хлеб. Згарнуўшы настольнік і не знайшоўшы там нажа, разламалі акрайчык хлеба на кавалачкі і, мачаючы ў мёд, пачалі частаваць ім дзяцей. Дзіцячы страх прайшоў хутка, падлеткі, не звяртаючы ўвагу на страшылкі дарослых, былі рады пачастунку няпрошаных візіцёраў. У хуткім часе прыемная навіна аб добрых французах, якія раздаюць мёд дзецям, разляцелася па ўсім мястэчку.

У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя рэдкія гаспадары мястэчка валодалі фруктовымі садамі. А сям’я Посахаў мела.

Прычын гэтаму некалькі. Па-першае, той час зямля была вялікай каштоўнасцю, з яе жылі і карміліся. Для сялян заняць частку надзела пад сад было вялікай раскошай. Па-другое, людзі не ведалі асноў садаводства.

Таму ў мясцовых жыхароў сады былі рэдкасцю, а яблыкі ўяўлялі сабой сапраўдныя прысмакі.

Якім скарбам былі яблыкі

Часта ў сад Посахаў наведваліся па пачастункі няпрошаныя госці: днём – дзеці, а ноччу – дарослыя. Бывала і такое, што за ноч маглі абкалаціць увесь сад. Паколькі яблыкі каштавалі дорага, каб не кралі, летам у садзе ставілі будку з жэрдзя, накрытую саламяным дахам. Пільнавалі сад, седзячы ў ёй.

Калі вясной яблыні яшчэ цвілі, былі невядомыя перспектывы на ўраджай. Мясцовыя яўрэі куплялі будучыя яблыкі і да поўнай іх спеласці вартавалі самі. Восенню, сабраўшы ўраджай, прадавалі яблыкі на мясцовым рынку альбо везлі ў іншыя рэгіёны на продаж. Для яўрэяў гэта быў выгадны гандаль. Лебедзеўскія яблыкі адпраўлялі з чыгуначнай станцыі Пруды ў Варшаву, Лодзь і іншыя гарады Польшчы. Сёння ўсё змянілася.

Мы купляем польскія яблыкі, а тады наадварот – палякі набывалі нашы.

Для захавання ўраджаю ад зладзеяў Посахі з боку поля ўзвялі двухметровую агароджу з дошак, а зверху нацягнулі калючы дрот.

Важную ролю ў павелічэнні садоў у Лебедзеве ў 20–30-я гады 20 стагоддзя адыграў Мацвей, бацька мастака Рамана Семашкевіча. Ён працаваў у той час садоўнікам у мясцовага пана Цывінскага. Менавіта ён перадаў досвед садоўніцтва многім местачковым жыхарам. З таго часу ў Лебедзеве, дзякуючы мясцоваму «агродніку» (польская), колькасць уладальнікаў садоў значна вырасла.

Тут гасцяваў Янка Купала

Вяртаемся да Посахаў. Фёдар Посах меў пяць сыноў: Пятра, Максіма, Аляксандра, Андрэя. Імя пятага сына аўтару артыкула не ўдалося высветліць, адзіную дачку звалі Марыя. Старэйшы сын Андрэй Фёдаравіч (1885–1945) – вядомая асоба.

У пачатку 20 стагоддзя быў настаўнікам Гарадзілаўскай пачатковай школы, пазней – дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сябраваў з Янкам Купалам. У 1906–1907 гадах беларускі пясняр працаваў чорнарабочым на бровары ў Яхімоўшчыне. У той перыяд ён неаднойчы наведваў Лебедзева і гасціў у доме бацькоў Андрэя Фёдаравіча.

Старажылы прыгадваюць, як Янка Купала бываў у мястэчку. Ён пераходзіў раку Нявежа па мосце ля жывёльнага рынку, мясцовая назва рынку – Таргавіца. Летам на беразе ракі вакол моста мясцовыя жанчыны часта паласкалі бялізну.

Прыгожы, інтэлігентнага выгляду малады мужчына, як правіла, вітаўся з лебедзеўскімі сялянкамі і заводзіў кароткую размову аб іх жыцці.

Спачатку такія паводзіны невядомага чалавека не маглі не здзіўляць тутэйшых жыхароў. Тады яны не ведалі яго імя і прозвішча. Ім было вядома толькі, што бывае ў Посахаў і сябруе з Андрэем.

Сёння мы можам меркаваць, што будучы класік беларускай літаратуры ў час кароткіх гутарак з жыхарамі Лебедзева назапашваў інфармацыю, якую потым выкарыстоўваў у творчасці. Доказам гэтага з’яўляецца Купалаў верш «Як не выйдуць чарнасотнікі», надрукаваны ў газеце «Наша ніва» 28 жніўня 1908 года пад псеўданімам Левы. У яго аснову ляглі рэвалюцыйныя выступленні сялян мястэчка Лебедзева ў 1905–1907 гадах.

Андрэй Посах нарадзіўся ў старым доме, які стаў каркасам для названай ляплёнкі.

Злева ад ляплёнкі захаваўся драўляны дом, які быў узведзены яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. У пачатку 20 стагоддзя гэты будынак дзяліўся на тры часткі. Ад вуліцы – нежылая частка, якая ў часы царскай Расіі, а пазней і Польшчы выконвала ролю святліцы (на сучаснай мове – клуб). Сярэдняя частка – кухня. Трэцяя тыльная частка – жылая.

На здымку Андрэй Фёдаравіч Посах (1884–1945), злева.

Хацелі павесіць шыльду

Узгаданы дом Посахаў быў прывабнага выгляду будынак, адзін з лепшых і прыгажэйшых у мястэчку. З вуліцы стаяла дашчаная брама, пакрытая стрэшкай. У дзвярах брамы быў спецыяльны замок з ручкай.

Лебедзеўцы расказваюць, што Янка Купала, калі гасцяваў у бацькоў Андрэя Фёдаравіча, часта адпачываў у іх садзе. Як правіла, гэта было летам. У яго руках заўсёды можна было ўбачыць кнігу альбо сшытак, у які штосьці запісваў. Бывала і такое, што Янка Купала і Андрэй Фёдаравіч, знаходзячыся ў садзе, пілі гарбату з самавара і нешта горача абмяркоўвалі.

Харчаваўся паэт на кухні, адпачываў у святліцы. Калі народны паэт заставаўся на начлег, то начаваў у драўляным доме, які быў узведзены яшчэ ў канцы 19 стагоддзя і які захаваўся да сёння.

Гэту версію пацвярджаюць успаміны пляменніка Андрэя Фёдаравіча – Уладзіміра Максімавіча.

З яго слоў, у 1970-я гады раённыя ўлады хацелі прымацаваць да ляплёнкі мемарыяльную дошку, прысвечаную Янку Купалу. Тады Уладзімір Максімавіч заявіў прадстаўнікам улады, што старога дома, у якім жылі бацькі Андрэя Посаха, няма. Яго разабралі, а некаторыя часткі былога будынка выкарысталі пры будаўніцтве ляплёнкі. На яго думку, класік беларускай літаратуры спыняўся менавіта ў цяперашнім старым драўляным доме.

Праз будынак праходзілі войны

Гісторыя гэтага будынка не толькі даўняя, але і цікавая. У час Першай сусветнай вайны па прычыне набліжэння Заходняга фронту восенню 1915 года ў доме быў штаб аднаго з падраздзяленняў рускай арміі. Пасля свянцянскага прарыву на адну ноч гэты будынак аблюбавалі нямецкія штабісты. У выніку наступлення расійскіх казакоў яны вымушаныя былі пакінуць Лебедзева.

Пазней, калі пачалася польска-савецкая вайна (1919–1920), тут зноў размясціўся штаб ваенных, толькі на гэты раз – польскіх. У 1920–1930-я гады ў названым будынку знаходзілася пачатковая школа.

Калі дзеці не вучыліся, у будынку мясцовыя ўлады праводзілі культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы. У прыватнасці, вучылі ваеннай справе і страявым песням лебедзеўскіх «стральцоў».

У верасні 1939 года прыйшла Чырвоная Армія. У сувязі з гэтым у маліноўшчынскім маёнтку Свентажэцкіх размясцілі воінскае падраздзяленне. У будынку былога фальварка месціліся радавыя байцы. Іх камандзіры жылі на кватэрах у Лебедзеве, у тым ліку і ў ляплёнцы Посахаў. У час нямецкай акупацыі школьнікі пачатковых класаў таксама вучыліся ў названай ляплёнцы.

Парыжскія дзівосы

Многія ведаюць эпізод з жыцця Андрэя Посаха, які, будучы на востраве Капры ў Італіі, пазнаёміў Максіма Горкага з творчасцю Янкі Купалы.

Сучасныя нашчадкі роду Посахаў паведамілі яшчэ некалькі цікавых фактаў з жыцця Андрэя Фёдаравіча. Вяртаючыся дадому з Італіі, ён пабываў у Францыі і яе сталіцы. Дзяцей у Посаха не было. Аднак у яго з’явілася магчымасць праявіць клопат у дачыненні да пляменніцы Насты – дачкі Пятра.

Ён прывёз дзяўчынцы дарагую механічную цацку “Кураня, якое дзяўбе зярняткі”. Цацка вельмі ўразіла тых, хто ўпершыню ўбачыў яе.

Наведванне Андрэем Посахам тагачаснага Парыжа пакінула ў яго памяці непаўторныя ўражанні. Расказваючы сваім родным аб гэтым падарожжы, ён любіў паўтараць: «Як заедзеш у Парыж, то ад прыгажосці сам засвецішся».

Аднавяскоўцы ў вайну дасылалі ежу

У час Першай сусветнай вайны Андрэй Фёдаравіч быў на фронце. Ваяваў у Прусіі. Вяртаючыся дадому, прывёз сястры Марыі нажную швейную машынку “Зінгер”. Падарунак вельмі прыгадзіўся сястры. Марыя, маючы інваліднасць, атрымала занятак. Швейная машынка служыла ёй да канца жыцця. Андрэй і яго жонка, па прафесіі медык, былі чулымі людзьмі і пры магчымасці клапаціліся аб радні.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Фёдаравіч, будучы немаладым і хворым, жыў у Мінску. Яго сям’я, як і іншыя жыхары сталіцы, галадала.

У той складаны перыяд нашай гісторыі шматлікая лебедзеўская радня, якая сама жыла небагата, у складчыну збірала прадукты харчавання і адпраўляла іх Андрэю Фёдаравічу і яго жонцы.

Знаёмства з гісторыяй ляплёнкі і драўлянага будынка, якія належаць лебедзеўскаму роду Посахаў, дазволіла пашырыць веды аб мінулым Лебедзева, а таксама абнавіць некаторыя старонкі жыцця Янкі Купалы і яго сябра Андрэя Фёдаравіча Посаха, звязаныя з мястэчкам.

• Текст доступен на языке: Русский