На выхадных Вольга Юркевіч і Зміцер Капцюх з Маладзечна пабраліся шлюбам. Пара згуляла вяселле ў беларускім стылі, на якое маладыя запрасілі сяброў з Польшчы, Літвы і Украіны.
Абодва з Маладзечна, а пазнаёміліся ў Польшчы
Гісторыя знаёмства ў Вольгі і Зміцера пачынаецца ў 2012 годзе. Тады ў Варшаве праходзіў навучальны семінар. Вольга паехала з Беларусі як журналіст, а Зміцер з Вільні – як палітолаг.
– У мяне з’явілася новая праца і трэба было мяняць лад жыцця. Вырашыў апошні раз з’ездзіць, адпачыць. І той раз аказаўся лёсавызначальным, – кажа Зміцер.
У першай размове Вольга і Зміцер высветлілі, што яны абодва з Маладзечна і скончылі адну школу з розніцай у два гады.
– Так атрымалася, што ў нас быў і агульны знаёмы, які стаў нашым сведкам, – распавядае Вольга.
Адным з запрошаных гасцей быў беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык і выкладчык Зміцера Алесь Лагвінец. Ён быў адным з арганізатараў семінара, на якім і пазнаёміліся маладыя.
Пасля знаёмства ў Польшчы Зміцер вярнуўся жыць у Літву, а Вольга – у Беларусь. Каля чатырох гадоў закаханыя ездзілі адзін да аднаго. Ён праводзіў выхадныя ў Беларусі, а яна жыла ў Вільні падчас сваіх выхадных. Такім чынам, прызнаецца Зміцер, ён запаліў яе любоў да Літвы, Сярэднявечча і Вялікага Княства Літоўскага.

Не хацелі рабіць свята ў стылі фіранак
Маладыя расказваюць, было пытанне пра тое, ці трэба рабіць вяселле. Маўляў, цяпер многія проста едуць адпачываць. Зміцер дзеліцца, што такі варыянт прывабіў, але святкаваць хацелі ўсё роўна.
– Мы не хацелі рабіць свята ў стылі фіранак. Такое свята не адрозніваецца ад звычайнай п’янкі з музыкай.
Маладыя жылі на дзве краіны. Тэрыторыі Беларусі і Літвы былі раней у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Таму выбар шляхецка-рыцарскага варыянту вяселля быў відавочны. Вольга і Зміцер кажуць, што не маглі ўявіць сабе свята, якое б праходзіла па-іншаму.
– Нас аб’ядноўвае гісторыя Беларусі і жыццё ў Вільні. Мы не прэтэндуем на поўную гістарычнасць. Гэта канцэпт таго, якое вяселле магло быць у той час, – тлумачыць Зміцер.
Выбар сядзібы для святкавання таксама быў невыпадковы. Вольга і Зміцер у лютым ехалі з Маладзечна ў Вільню. Вырашылі паехаць па іншай дарозе, каб паглядзець беларускія краявіды, і наткнуліся на сядзібу. Усё, што потым шукалі, не магло параўнацца з тым, што ўбачылі ў лютым. Спадабаўся і знешні выгляд, і інтэр’ер, – усё падыходзіла да шляхецка-рыцарскага стылю вяселля.

Атрымалася шматнацыянальнае свята
На вяселле да маладых завіталі знаёмыя з Літвы, Польшчы, Украіны. Вольга лічыла, што на такім шматнацыянальным свяце гасцям будзе цяжка знайсці агульную мову. Вядучы-маршалак вёў вяселле на беларускай мове і пераходзіў на рускую, каб зразумелі ўсе. Святар Віталь спецыяльна праводзіў абрад на беларускай мове, за што маладыя яму ўдзячныя.
Гасцей папрасілі быць у вышыванках. Сябры падтрымалі маладых у гэтай ідэі, да апошняга шукалі ўборы і нашывалі стужкі з арнаментам. Госці з Вільні спецыяльна куплялі іх тут, а іншыя нават пыталіся, што такое вышыванка і дзе дастаць. Касцюмы для маладых шылі на заказ у двух розных майстроў. Яны таксама былі ў беларускім нацыянальным стылі.
– Памятаю, што мы ездзілі да швачкі перад вяселлем. Забіралі кашулю для аднаго сябра, каб ён не перажываў, што будзе без вышыванкі, – успамінае Вольга.
Маладыя распавялі, што вяселле гасцям спадабалася, а такі стыль стаў незвычайным для ўсіх.

• Текст доступен на языке: Русский