У ліпені маладзечанцы наладзілі свята, каб сабраць грошы на лячэнне хворага хлопчыка Цімафея Раця, і сабралі 1730 рублёў. Гэта адна з дабрачынных спраў, якія арганізавала маладое аб’яднанне «Бумеранг дабра».

Усё пачалося з мам

«Бумеранг дабра» пачынаўся з суполкі «Горад мам» у сацыяльнай сетцы «Укантакце» каля трох год таму. Адміністратар Валерыя Бажко падумала, што мамам у дэкрэтным адпачынку варта аб’ядноўвацца, каб вырашаць розныя пытанні разам. 30 ліпеня Валерыя нарадзіла другое дзіця, дачку Еву. Таму пра арганізацыю для чытачоў «РГ» расказвалі Вольга Куратнік і Кацярына Шафаловіч.

У красавіку 2017 года ў групу скінулі пост, што патрэбная дапамога нованароджанаму, ад якога адмовіліся бацькі. Былі патрэбныя падгузнікі, сурвэткі, адзенне. За некалькі дзён сабралі столькі, што хапіла на некалькі дзяцей.

Пасля вырашылі, што хацелі б дапамагаць і іншым, але каму? У Маладзечне дзіцячага дома няма. Радашкавіцкі апекуе Міністэрства ўнутраных спраў, там няма вострай неабходнасці ў падтрымцы. Абзванілі іншыя месцы. Дапамога была патрэбная SOS-дзіцячай вёсцы ў Бараўляных. Збіралі рэчы, з’ездзілі ў Бараўляны.

Пасля актывісты вырашылі, што проста збіраць грошы або неабходныя рэчы мала. Трэба ладзіць святы.

– Проста прасіць «людзі, дайце» – мала, – тлумачыць Кацярына. – Калі ты просіш, трэба даць нешта ўзамен.

Ад свята будзе больш водгукаў, многіх прыцягваем у арганізацыю, больш даведваюцца пра збор, і збярэш больш. Падумалі, святаў многа не бывае, няхай яны будуць яшчэ з карысцю.

Гэтая ідэя, як і многія іншыя, нарадзілася за сталом у кавярні «Тук». Менавіта тут актывісты абмяркоўваюць планы і абменьваюцца думкамі, а гаспадары кавярні пастаянна падтрымліваюць дабрачынныя праекты.

Першае свята ад ужо зарэгістраванай арганізацыі было 14 красавіка. Запрошаныя выступоўцы дзяліліся з гасцямі бацькоўскім досведам. На імпрэзе атрымалася сабраць канцылярыю для выхаванцаў дзіцячых дамоў у Насілаве і Чысці.

21 ліпеня «Бумеранг дабра» зладзіў буйное свята ў гонар Цімафея Раця. Атрымалася сабраць яму на лячэнне 1730 рублёў. Арганізатары рыхтаваліся каля трох тыдняў.

Фота Таццяны Сафонавай. Удзельнікі ініцыятывы «Бумеранг дабра» злева направа: Жанна Сысіна, Валерыя Бажко, Вольга Куратнік, Кацярына Шафаловіч, Кацярына Краўчонак, Кацярына Супічэнка, Аляксандра Аскірка.

Чаму спатрэбілася рэгістрацыя

Восенню мінулага года актывісты вырашылі, што суполкі ў сацыяльнай сетцы недастаткова, варта стварыць афіцыйную арганізацыю. Справа патрабавала ўлічыць шмат юрыдычных момантаў. Пашчасціла, што да кампаніі далучыўся кампетэнтны юрыст Ігар Лабецкі. Шмат часу і грошай сышло на працу з паперамі, узгадненнямі. 9 красавіка на руках усё ж было пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі сацыяльнага грамадскага аб’яднання бацькоў «Бумеранг дабра».

Пытанне рэгістрацыі палічылі важным найперш, каб мець больш даверу ад людзей, якія гатовыя дапамагаць. Актывісты атрымалі юрыдычны адрас і банкаўскі рахунак. Дзякуючы гэтаму пералічваць грошы могуць любыя арганізацыі і прадпрыемствы.

Фота Ірыны Калядчык.

Галоўная парада для тых, хто хоча пайсці па слядах актывістаў, – знайсці кампетэнтнага юрыста і бухгалтара, каб усе дакументы былі ў парадку. Няшмат спецыялістаў, якія працавалі б з некамерцыйнымі арганізацыямі. Могуць узнікнуць праблемы толькі таму, што ў службовых асоб няма досведу працы з імі.

За перавод грошай на збор Цімафея Раця ў банку запатрабавалі камісію ў 2,5%. Плаціць яе – значыць, адабраць з лячэння хлопчыка ці пакрыць са сваёй кішэні. Добра, што пасля знайшлі абгрунтаванне, каб камісію аплачваць не спатрэбілася.

Яшчэ адзін момант, да якога павінны быць гатовыя пачаткоўцы – час адсеяць тых, хто не гатовы займацца справай напоўніцу. Да гэтага варта ставіцца з разуменнем.

Каб даведвацца пра тых, каму патрэбная дапамога, актывісты сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч падтрымала ідэю актывістаў і ўступіла ў грамадскае аб’яднанне. Намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўнагадовых Вольга Клепакова сказала, што будзе прапаноўваць дапамагчы дзецям, з якімі працуе.

Атрымаць кансультацыю, параду і падтрымку можна ў Асамблеі НДА –аб’яднанні няўрадавых арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў. Сайт асамблеі belngo.info, электронная пошта ngo@belngo.info. Таксама ў цэнтры прававой трансфармацыі lawtrend.org.

Фота Веранікі Ліпніцкай.

Дапамагаць можна па-рознаму

Дабрачынная арганізацыя дапамагае не толькі адзеннем, абуткам або грашыма. Будучыя падапечныя могуць трапіць у розныя сітуацыі і мець вельмі розныя патрэбы.

Адна жанчына з двума дзецьмі засталася ў сітуацыі, калі не было грошай на ежу. Так склалася таму, што муж аказаўся нягоднікам. Каб не даводзілася плаціць штраф за пратэрмінаваную аплату па крэдыце, яна пагасіла суму. З-за гэтага ў сям’і грошай зусім не засталося, і было незразумела, як перажыць няпросты перыяд, пакуль будуць чарговыя выплаты.

Пра сітуацыю расказалі сяброўкі жанчыны, сама яна саромелася дзяліцца праблемай. Сяброўкі дапамаглі, чым маглі, актывісты «Бумеранга дабра» купілі прадукты, а жанчына выгнала ненадзейнага мужа.

– Людзям сорамна расказваць пра сваю бяду, – кажа Шафаловіч. – Хаця мы і працуем ананімна – называем, каму збіраем, толькі з дазволу гэтых людзей – усё роўна ім няёмка.

У іншай маладзечанскай сям’і чацвёра дзяцей засталіся пад апекай бабулі. Інтэлігентная жанчына ніколі не асмелілася б папрасіць дапамогі. Але праз знаёмых актывісты даведаліся пра мару жанчыны – пафатаграфаваць дзяцей, каб засталася памяць пра іх дзяцінства.

«Бумеранг дабра» арганізаваў фотасесію з жывёламі. Прафесійны фатограф зрабіла шмат мілых кадраў, дзеці выдатна бавілі час, а бабуля атрымала камплект раздрукаваных фота ў драўлянай шкатулцы. У дадатак дзеці атрымалі сертыфікаты ад забаўляльных устаноў горада.

Іншая жанчына засталася адна з двума дзецьмі. Сям’я жыве ў раёне. Адно з дзяцей мае інваліднасць, яму трэба прайсці курс заняткаў у паліклініцы. Перавезці яго няпроста, дзіця на зондавым кармленні. Актывісты дапамаглі знайсці кватэру на тыдзень, каб можна было прайсці курс – і знайшлі.

Пасля пажару бацька з дзецьмі застаўся без патрэбнай мэблі. Усё, што было трэба, – некалькі прадметаў. Хутка знайшлі патрыманую мэблю, якую гаспадар быў удзячны прыняць.

Фота Ірыны Калядчык.

Многія падцягваюцца

“Бумеранг дабра“ запрашае розныя арганізацыі спрычыняцца да добрых спраў. Для некаторых паход у піцэрыю, на сушы, у забаўляльны цэнтр – мара, якую складана ўвасобіць у тых умовах, у якіх цяпер сям’я. Для арганізацый або прадпрымальніка сума аднаго заказу, якую яны аддаюць для дабрачыннага сертыфіката, моцна па кішэні не б’е. Але гэта падтрымка дазваляе падарыць добрыя імгненні, якія застануцца пра дзяцінства.

Ёсць кампаніі, якія часта падтрымліваюць дабрачынныя прапановы. Асабліва каштоўная фінансавая падтрымка. Гэта дазваляе не толькі набываць дакладна тое, што неабходна падапечным, але і аплачваць юрыдычны адрас, абслугоўванне рахунка.

Для ўстойлівай работы арганізацыі важна, каб фінансаванне было пастаянным. Гэта дазваляе планаваць працу, мець магчымасць хутка дапамагчы, калі камусьці спатрэбіцца дапамога проста зараз.

Яшчэ адна пільная неабходнасць для арганізацыі – склад. Калі актывісты збіраюць патрэбнае для падапечных, рэчы збіраюць у дамах. Канешне, гэта нязручна для ўсёй сям’і. А плаціць штомесяц арэнду склада – значыць, не дадаць гэтыя грошы на дабрачыннасць.

Таму аб’яднанне прапануе любым ахвотным далучыцца ў шэрагі. Абавязак сябра «Бумеранга дабра» – сплачваць кожныя тры месяцы ўнёсак па 12 рублёў. Так удзельнікі не толькі спрычыняюцца да дабрачыннасці, але і атрымліваюць бонусы – бясплатны ўдзел у майстар-класах, на святах – аквагрым і прафесійнае фота і іншыя.

На многія выдаткі ўдзельнікі аддаюць грошы самі. Напрыклад, на рэкламу бясплатных дабрачынных імпрэз.

Патрэбныя таксама валанцёры. На свяце ў гонар Цімафея Раця не хапала рук – трэба быў чалавек, які збіраў бы дзіцячыя малюнкі. Нічога складанага ў працы няма, а чалавека не маглі знайсці.

У прыярытэце аб’яднання – падтрымка сямей. Але звяртацца можа любы, каму неабходная дапамога. Многія маюць патрэбу ў простых рэчах, якія вырашыць нескладана. У жанчыны, якая засталася адна з двума дзецьмі, адзін з якіх ляжачы інвалід, няма магчымасці схадзіць у аптэку. Неабходна дапамога валанцёра, які схадзіў бы і прынёс лекі. Мужчыну з інваліднасцю трэба, каб проста памылі падлогу і крыху прыбралі ў доме.

Добра, калі да арганізацыі далучацца юрысты і псіхолагі. Але не ўсе рашаюцца звярнуцца па кансультацыю да прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў. Асабліва гэта тычыцца псіхолагаў – звярнуцца да спецыяліста ў нефармальнай абстаноўцы значна прасцей.

Ці могуць адмовіць у дапамозе

Актывістам важна, каб дапамога ішла тым, каму сапраўды неабходная. Таму перш чым абвяшчаць збор, высвятляюць сітуацыю. Звычайна складаныя абставіны можна патлумачыць дакументамі. Напрыклад, даведкай аб захворванні, чэкам аб аплаце крэдыту, пасля якога не засталося грошай на ежу.

Аднойчы па дапамогу звярнулася шматдзетная маці. Ніякіх дакументаў на дзяцей у яе не аказалася.

Актывісты вырашылі трымацца мудрасці: хочаш накарміць чалавека – навучы рыбачыць, а не давай рыбу.

Таму прапанавалі ў першую чаргу дапамагчы з дакументамі. Жанчына ж настойвала, каб ёй сабралі толькі рэчы. Сітуацыя выглядала дзіўна, таму актывісты вырашылі не рызыкаваць рэпутацыяй.

Ці разумеюць блізкія

Актывісты аб’яднання – маладыя мамы, якім трэба паспець уладкаваць дом, выхоўваць дзяцей і рабіць шмат іншых спраў. Але яны знайшлі час і сілы яшчэ дапамагаць іншым. Гэта і дадатковая нагрузка на мужоў. Калі ў іх актыўнасці або сустрэчы, домам і дзецьмі займаюцца мужчыны.

– У мяне муж пытаецца, ці робіць дабрачыннасць мяне шчаслівай, – дзеліцца Кацярына. Яе сыну Іллі 1,8 года. – Бачыць, што так, і гэта для яго галоўнае. Канешне, яму даводзіцца часцей быць з дзіцем, часам ахвяраваць сваімі справамі, але стараецца мяне падтрымаць.

– Час, які аддаём на дабрачыннасць, мы забіраем з сям’і, – расказвае Вольга. У Вольгі сямігадовы сын Антон і чатырохгадовы Марцін. – Канешне, мужу шкада мяне, калі бачыць, што начамі займаюся. Калі выйду на працу, напэўна, будзе больш складана.

Фота Веранікі Ліпніцкай.

Сімвалам арганізацыі актывісты абралі бумеранг. Задума ў тым, што калі робіш дабро, яно вяртаецца да цябе.

– Адчуваем гэта на сабе, – кажа Кацярына. – Удзячныя вочы – бясцэнныя. Вяртаецца дабро знаёмствамі і сустрэчамі з патрэбнымі неверагоднымі людзьмі. Бачыш, як смяюцца дзеці на той жа фотасесіі з жывёламі – так, час, энергія, але складанага ў тым няма, каб падарыць ім гэтыя хвіліны шчасця? Пасля свята для Цімафея звязаліся з яго мамай падзяліцца ўражаннямі. Яна была ў Чэхіі на лячэнні з Цімам. Яна плача ад шчасця ў Чэхіі, мы плачам ад шчасця ў Маладзечне – эмоцыі неперадавальныя!

Калі вы хацелі б дапамагчы аб’яднанню «Бумеранг дабра», актуальную інфармацыю шукайце ў суполцы «Укантакце» vk.com/bumerangdobramolo.

Ахвотныя стаць сябрамі арганізацыі могуць атрымаць падрабязную інфармацыю па нумары 8 (044) 561-88-54, Ірына.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «РГ».

• Текст доступен на языке: Русский