Фота з супполкі "Это Вилейка, детка".

У новым нумары гадавіка традыцыйна звярнулі ўвагу не толькі на мінулае самой Вілейкі, але і на гісторыю іншых населеных пунктаў, на біяграфіі людзей, якія нарадзіліся на Вілейшчыне.

Гісторык Анатоль Сцебурака на падставе архіўных дакументаў напісаў тэкст пра баяр і зямян (ваенна-служылае насельніцтва ВКЛ) у Гануце – уладанні князёў Агінскіх. Адлік існавання Гануты пачаўся ў 1501 годзе як уладання князёў Гальшанскіх.

Затым гаспадары і арандатары шмат разоў мяняліся, пакуль у 1723 годзе ўладанне не перайшло да Агінскіх. З імі і звязаны росквіт Гануты.

У маёнтак уваходзіла некалькі фальваркаў (Груздзяніца, Забалацце, Рабінава) з тузінам вёсак і засценкаў.

Па гэтым тэксце сустракаецца шмат інфармацыі пра жыхароў з 17 стагоддзя. Можна пашукаць і сваіх продкаў.

Архівіст Віктар Жыбуль працягвае публікаваць спадчыну нашаніўца Вульфа Сосенскага з Даўгінава. На гэты раз ён знайшоў успаміны Сосенскага, якія ахопліваюць перыяд з 1892 да 1939. Гэта суб’ектыўная хроніка Даўгінава.

Сосенскі, у Другую сустветную вайну страціўшы ўсю сям’ю, выехаў у Латвію, ажаніўся другі раз, перабраўся ў Ізраіль, дзе і памёр. Але ўвесь час жыў родным мястэчкам. У старасці шмат успамінаў і запісваў тыя ўспаміны.

Ілля Бутаў правёў гістарычнае расследаванне. Адшукаўшы згадкі пра цудотворны абраз з царквы ў вёсцы Пахомава, ён пачаў шукаць сам абраз.

Праблема ў тым, што гэтая вёска знікла больш за сорак гадоў таму — яе затапілі падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. А жыхароў рассялілі.

Бутаў пачаў збіраць звесткі пра Пахомава ў дакументах, расшукваў колішніх жыхароў вёскі. Яму ўдалося правесці цэлае расследаванне. Знайшоў ён і фотаздымак царквы, які ўпершыню апублікаваны ў «Вілейскім павеце».

Сяргей Макарэвіч расказаў пра эпізоды з жыцця паэта Максіма Танка. Апошні ў 1939 годзе быў накіраваны ў Вілейку на працу ў абласной газеце. Сюды ён прыехаў з нявестай, з якой тут і ажаніўся. Але не толькі прыемнымі момантамі запомнілася Танку Вілейку: было шмат эпізодаў, пра якія пазней паэт амаль не ўспамінаў ні ў лістах, ні ў дзённіку, ні ў размовах з іншымі.

Максіму Танку і яго блізкім пагражалі рэпрэсіі. Макарэвіч апісаў гісторыю ўзаемадачыненняў паэта з яго начальнікамі па газеце, у абкаме партыі. Ад каго сыходзіла пагроза, а хто яго ўратаваў.

Дарэчы, у гэтым нумары апублікаваны лісты пісьменніцы Ганны Новік да Максіма Танка 1950-1970-х гадоў. Па іх прасочваецца гісторыя Ганны Аляксееўны, пра якую не прынята пісаць у яе біяграфіях.

Сярод іншых аўтараў гадавіка — Віктар Тонкавіч (расказаў пра гісторыю вуліц Вілейкі, а ў асобым тэксце — пра Бароўскіх, гаспадароў вілейскіх маёнткаў Юнцавічы і Лукавец), Анатоль Капцюг, Клаўдзія Дубовік, Сяргей Ганчар.

Даведка «РГ»

Першы выпуск «Вілейскага павета» выйшаў у 2014 годзе. Укладальнікі гадавіка — Сяргей Макарэвіч і Дзяніс Канецкі. Выданне выходзіць пры падтрымцы дабрачыннага фонду «Вяртанне».

«Вілейскі павет» (выдавец Андрэй Янушкевіч) — гэта зборнік публікацый, прысвечаных найперш канкрэтнаму рэгіёну: сучаснаму Вілейскаму раёну і тэрыторыям, якія ў розныя часы ўваходзілі ў межы Вілейскага староства, Вілейскага павета, Вілейскай вобласці. Матэрыялы таксама закранаюць і гісторыю сумежных раёнаў.

• Текст доступен на языке: ruРусский