Доктар Ігар Віторскі падчас семінару "Сымы час" у Маладзечне. Фота забяспечанае каардынатарамі праекта.

Фестываль здаровага ладу жыцця «Самы час» правядуць у амфітэатры ў Маладзечне 24 жніўня ў 12.00.

Свята ЗОЖ стане фінальнай падзеяй ініцыятывы «Самы час!». Асноўная ідэя – фарміраванне сучаснай мадэлі актыўнага даўгалецця, перш за ўсё, сярод мужчын, старэйшых за 45 гадоў.

Хоць арганізатары чакаюць на фестываль людзей самага рознага ўзросту і раяць прыходзіць на свята сем’ямі. Абяцаюць, што занятак знойдзецца ўсім.

Ініцыятыва – частка маштабнага праекта «БЕЛМЕД», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

«У Беларусі назіраецца феномен мужчынскай звышсмяротнасці: розніца паміж сярэдняй мужчынскай і жаночай працягласцю жыцця складае больш за дзесяць гадоў. Для параўнання, у Германіі гэты паказчык ніжэйшы ў два разы, – кажа кіраўнік ініцыятывы «Cамы час!» Андрэй Эзерын.

– Спецыялісты адзначаюць: менавіта 50-гадовая мяжа становіцца тым складаным этапам, калі мужчыны ўсё менш задумваюцца аб маштабных планах, зніжаюць цікавасць да развіцця і адукацыі, пачынаюць падумваць пра пенсію.

У рамках ініцыятывы мы прасоўваем сучасную формулу актыўнага даўгалецця, стараемся як мага шырэй пазначыць праблематыку феномена мужчынскай звышсмяротнасці».

Фестываль пачнуць з сумеснай зарадкі, якая на думку арганізатараў, не проста комплекс практыкаванняў, а зарадка добрымі эмоцыямі, новымі ўражаннямі.

У зоне «Эксперты» выступяць спецыялісты па актыўным даўгалецці, дактары, матывацыйныя трэнеры.

Адным са спікераў стане кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч.

Шацёр «Праекты» адведзены для кансультацый. Сярод удзельнікаў – кардыёпатруль «Здароўе ў кубе» (ініцыятыва праекта «БЕЛМЕД»). Тэма – рызыка сардэчна-сасудзiстых захворванняў і іх ацэнка.

Стартап па працаўладкаванні пенсіянераў для сеткі аптэк «Адэль» прадставіць Цэнтр актыўнага даўгалецця (Мінск).

На адкрытым паветры правядуць майстар-класы па скандынаўскай хадзе, ёзе, аз- дараўленчай гімнастыцы.

Іскрынкай фестывалю стане адкрыты турнір па мёльке – фінскіх гарадках. Найбольш актыўныя ўдзельнікі майстар-класаў і чэмпіянату атрымаюць заахвочвальныя прызы – спартыўны інвентар і літаратуру па тэме ЗЛЖ.

Скончыцца фестываль канцэртам блюзавай каманды з Мінска The Road Dogs. Лідар гурта Сяргей Скляраў сваім прыкладам даказвае неабходнасць ЗЛЖ для сучаснага мужчыны.

Ініцыятыва «Самы час!» працуе ў пяці раённых цэнтрах Мінскай вобласці: Маладзечне, Валожыне, Слуцку, Салігорску, Жодзіне.

Тут ужо прайшлі фокус-групы сярод мясцовых жыхароў, семінары для СМІ і кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Цяпер на вуліцах пілотных гарадоў размяшчаюць вонкавую рэкламу,транслююць сацыяльны ролік – частку рэкламнай кампаніі «Гэта ўсё я».