Вацлаў на фоне графіці на вуліцы стрыт-фуда. Фота Настассі Уткінай.

Ядзерны фізік і вандроўнік-пачатковец Вацлаў Шысл завітаў у Беларусь на тыдзень.

«Рэгіянальная газета» пазнаёміла чэха з Маладзечнам, а ён распавёў пра ўражанне ад вандроўкі з сябрам у вёску, беларускай культуры і беларусаў. З Вацлавам размаўлялі на англійскай мове, але часам ён устаўляў рускія словы ў гаворку.

Маршруткі, беларусы за рулём і шырокія вуліцы

Вацлаў прыехаў у Маладзечна на маршрутцы. Такога грамадскага транспарту паміж гарадамі ён не бачыў у Чэхіі і ўвогуле ў Еўропе. Там, па яго назіраннях, людзі пераважна карыстаюцца цягнікамі. У Швейцарыі гэта самы папулярны сродак перамяшчэння. На думку чэха, маршрутка – гэта добрая альтэрнатыва для Беларусі.

– У вас добрыя кіроўцы. Саступаюць дарогу іншым, не падразаюць, паважана сябе вядуць, – падзяліўся меркаваннем Вацлаў.

Неблагія дарогі і паводзіны кіроўцаў – гэта адметная прыкмета беларусаў, лічыць Шысл. Кажа, што ён цяпер можа адрозніць беларусаў ад рускіх.

– Рускія кіроўцы паводзяць сябе на дарозе па-іншаму. Не буду казаць за ўсіх, але мне падабаецца, што ў беларусаў зусім іншая культура кіравання. Заўважыў гэта, калі ехаў у Маладзечна і ў самім горадзе, – тлумачыць Вацлаў.

Беларускія гарады адрозніваюцца ад еўрапейскіх

Першае, што заўважыў Вацлаў у Маладзечне – такія ж шырокія вуліцы, як і ў Мінску. Такая з’ява таксама нетыповая для Заходняй Еўропы. Вацлаў упэўнены, што ўсе беларускія гарады выглядаюць гэтаксама прасторна, як Маладзечна. У той жа час ён не разумее, чаму беларускія гарады не будуюць з маленькімі вуліцамі, дзе будзе камфортна і пешаходам, а не толькі кіроўцам і ўладальнікам машын.

– У Чэхіі не так плануюць гарады. У нас няма такіх шырокіх вуліц. Калі вы прыедзеце ў Прагу ці паглядзіце фотаздымкі, то ўбачыце, якая атмасферная гарадская прастора.

Цяпер Маладзечна нельга ўявіць без вуліцы стрыт-фуда. Таму Вацлаў з задавальненнем пагадзіўся пачаставацца вулічнай ежай. Чэх зацікавіўся, як зрабілі такі праект і якім чынам праекты дапамагаюць развіццю гораду. Асабліва яму спадабаліся графіці, пра якія ён сказаў, што яны выглядаюць па-еўрапейску.

Вацлаў прасіў паказаць помнік Леніну ў Маладзечне.
Фота Настассі Уткінай.

«На прыступках сядзець можна?»

– Я бачыў у Мінску помнік Леніну, у вас нават станцыя метро так называецца. А ў Маладзечне «дзедушка Ленін» ёсць? – спытаў Вацлаў

Ён лічыць, што пра краіну трэба даведвацца праз яе гісторыю. Чэхія таксама была ў складзе краін сацыялістычнага блоку, і паміж Беларуссю і Чэхіяй можна праводзіць гістарычныя паралелі. Помнікі Леніну як адбітак камуністычнага мінулага добра паказваюць, як былі звязаныя краіны і чым адрозніваюцца цяпер.

– А ў Маладзечне ля Леніна на прыступках сядзець можна?

Побач з парламентам у Мінску ёсць помнік Леніну. Вацлаў кажа, што яму не дазволілі пасядзець на прыступках парламенту. Ахоўнік паспрабаваў нешта растлумачыць. Чэх зразумеў толькі тое, што там сядзець забараняюць, а чаму – невядома. У Чэхіі таксама ёсць помнікі Леніну. Некаторыя дэмантавалі пасля 1989 года, калі пачаўся працэс дэкамунізацыі, але ў некалькіх чэшскіх гарадах яны засталіся.

Нягледзячы на кепскае надвор’е, чэх з зацікаўленасцю гуляў па горадзе.
Фота Настассі Уткінай.

«Едзь у вёску – там убачыш Беларусь»

Вацлаў Шысл прыехаў у Беларусь да сябра, які родам з Астраўца. Яны разам вучыліся ў Летняй школе ў Празе па праграме ядзернай фізікі. Сябар Слава зладзіў для Вацлава экскурсію па Беларусі: яны былі ў Астраўцы, Полацку і наведалі вёску ў Віцебскай вобласці.

– Мне кажуць: едзь у вёску – там убачыш сапраўдную Беларусь. Мы разам са Славам паехалі на радзіму яго бацькоў. Пабачыў там зусім іншую краіну, – распавядае Вацлаў.

Беларуская вёска асацыявалася ў чэха з тым, што людзі будуць піць з самай раніцы. Такі стэрэатып склаўся з-за таго, што Беларусь і Расія ў яго ўяўленні маюць адзіную культуру, а рускія людзі п’юць шмат.

– Ехаў з думкай, што буду піць з раніцы да ночы. Так не адбылося, але самагонкай пачаставалі. Людзі працуюць, расказваюць пра цікавыя рэчы і шмат пра гісторыю. Вельмі ганарацца сваёй гаспадаркай і вёскай.

• Текст доступен на языке: Русский