Дачка памерлага расказала Свабодзе, што бацька не скардзіўся на ўмовы працы.

Інфармацыя пра смерць кранаўшчыка на будоўлі Астравецкай АЭС з’явілася ў тэлеграм-канале Nexta ў аўторак 13 жніўня. Паводле яе, цела бацькі, які быў супрацоўнікам адной з арганізацый-падрадчыкаў, знайшлі іншыя рабочыя раніцай у аўторак. На месца выехалі супрацоўнікі следчай групы.

«Не скардзіўся на працу»

Як стала вядома Свабодзе, мужчыну 53 гады, ён працаваў у арганізацыі «Белэлектрамантажналадка», жыў у Чысці на Маладзечаншчыне. У яго трое дарослых дзяцей.

Свабодзе ўдалося пагаварыць з дачкой памерлага. Паводле дзяўчыны, пра бяду сям’я даведалася раніцай 13 жніўня.

«Мы званілі бацьку самі ўчора, але не змаглі дазваніцца, — расказала яна. — А сёння раніцай на нумар маёй сястры пазванілі з Астраўца і расказалі пра ўсё. Цяпер мы едзем у астравецкую бальніцу. Падрабязнасцяў пакуль не ведаем, нічога канкрэтнага нам не сказалі. Бацька працаваў на будоўлі АЭС, але не скардзіўся на працу. Усё было нармальна».