Пра гэта карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» расказалі ў Маладзечанскай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

– Мы выйгралі тэндар і за дзяржаўныя грошы аленяў закупілі яшчэ зімой у Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Гэта рабілася ў рамках дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес», – кажа Дзмітры Бобрык, дырэктар Маладзечанскай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. – Набылі двух дарослых самцоў, 16 дарослых самак і 16 сягалеткаў – маладых аленяў, якія нарадзіліся сёлета.

Частку жывёл прывезлі ў студзені, частку – у лютым. Арандавалі зямлю ў Красненскім лясніцтве і пабудавалі там вальер плошчай дзесяць гектараў.

Вясной у вальеры атрымаўся прыплод – 11 аленяў.

Адна самка патанула.

У выніку атрымалася 44 алені, якіх выпусцілі ў лес шостага жніўня.

– Для выпуску збіраецца камісія – прадстаўнікі нашага таварыства, лясгас, ветэрынарная служба, ахова прыроды, прадстаўнікі Мінскай лесапаркавай гаспадаркі, – расказвае Дзмітры Бобрык.

Спецыялісты агледзелі аленяў. Потым адну сценку вальера прыбралі, і жывёлы пайшлі ў лес.

Па словах дырэктара, у дзікай прыродзе аленяў падкормліваюць толькі зімой. У вальеры ж жывёл кармілі заўсёды.

Вазілі сена, збожжа, адходы і некандыцыю гародніны ад фермераў-спонсараў. На тэрыторыі вальера быў лясны вадаём, сажалка, куды алені хадзілі на вадапой.

Збожжа для жывёл на тэрыторыі вальера насыпаюць і цяпер.

– Робім гэта для таго, каб алені больш прывыклі да мясцовасці, не сыходзілі далёка і «адчувалі дом». Тым больш цяпер у лесе шмат трывожных фактараў. Тыя ж грыбнікі могуць напалохаць, – растлумачыў Дзмітры Бобрык.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский