Фота tut.by.

Літва абвінаваціла Латвію ў тым, што яна збіраецца закупляць беларускую электраэнергію ў абыход літоўскага байкоту, паведамляе LETA.

Кабінет міністраў Латвіі ўчора ўхваліў паведамленне Міністэрства эканомікі, у якім ведамства прапанавала купляць электраэнергію, у тым ліку і беларускую, з Расіі. Пра канфлікт піша delfi.lv.

Да гэтага часу краіны Балтыі закуплялі электраэнергію ў трэціх краін праз Літву. Там быў адкрыты гандаль з Беларуссю. Аднак з-за будаўніцтва Беларускай АЭС Літва вырашыла спыніць міжгранічны гандаль: суседзі асцерагаюцца, што АЭС у Астраўцы небяспечная.

Каб знізіць рызыкі, Міністэрства эканомікі Латвіі і прапанавала адкрыць міжгранічны гандаль электраэнергіяй паміж Латвіяй і Расіяй.

Гэта ўсхвалявала літоўцаў. Былы міністр энергетыкі Арвідас Сякмокас сказаў парталу 15min.lt, што электраэнергія з БелАЭС будзе паступаць і ў Літву, толькі здзелкі будуць заключаць латышы. Кіраўнік парламенцкай Камісіі па энергетыцы і гарманічным развіцці Віргіліюс Падзярыс сказаў, што навіны з Латвіі выклікаюць занепакоенасць і, па ўсёй верагоднасці, гэта адкрые рынак для электрычнасці з БелАЭС.

Намеснік дзяржсакратара Міністэрства эканомікі Дзінтарс Кауліньш парталу Delfi патлумачыў, што Літва прыняла нацыянальнае рашэнне, якое ўплывае на Латвію і Эстонію і ў яго ёсць два негатыўныя аспекты. Па-першае, закрыццё мяжы Літвы і рашэнне не адкрываць іншую мяжу прывядзе да зніжэння аб’ёму электраэнергіі і яе цана вырасце, па меншай меры, на 5%. Па-другое,

усе тры краіны Балтыі плануюць да 2025 года стаць незалежнымі ад беларускай і расійскай электрычнасці. Каб праект сінхранізацыі з Еўропай прайшоў паспяхова, адносіны з усходнімі суседзямі лепш не абвастраць, лічаць у ведамстве. Так як закупка электраэнергіі будзе адбывацца праз біржу Нордпул, то «нельга прагназаваць, адкуль менавіта ідзе электраэнергія», адзначыў Кауліньш.

Намеснік дзяржсакратара Мінэканомікі падкрэсліў, што перш чым прыняць гэтае рашэнне, Латвія параілася з суседзямі і Еўрапейскай камісіяй, аднак ёй не ўдалося прыйсці да адзінага меркавання з Літвой.

Як ужо паведамлялася, Літва ў размовах з Латвіяй і Эстоніяй планавала падняць пытанне байкоту электраэнергіі, вырабленай на Астравецкай АЭС у Беларусі. Прэзідэнт Літвы Гіта Наўседа паказаў, што Літва не хоча ціснуць у гэтым пытанні, аднак калі на гэтай АЭС адбудзецца аварыя, то наступствы на сабе адчуе ўвесь рэгіён, не толькі Літва. На гэта прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс адказаў, што бяспека Астравецкай АЭС — абсалютны прыярытэт для Латвіі, бо АЭС знаходзіцца недалёка ад Латвіі.
https://nn.by/?c=ar&i=235567

• Текст доступен на языке: Русский