Некалькі дзён таму мы пісалі, што жыхарка Якуцка Валянціна Няпомняшчых па просьбе сваёй знаёмай шукае маладзечанку Ганну Ціханаўну Канапельку.

Дзякуючы публікацыі і неабыякавасці нашых чытачоў Ганна Ціханаўна знайшлася.

Сёння па ўказаным тэлефоне да нас у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Маладзечна Ірына Ціханаўна Жаўняровіч (Канапелька).

– 16 жніўня ў вашай газеце быў артыкул пра тое, што жыхарка Якуцка шукае сяброўку. Ганна Ціханаўна Канапелька – мая родная сястра. Яна сапраўды доўга падтрымлівала сувязь са сваёй якуцкай сяброўкай Зояй Максімавай. А потым чамусьці перастала дазванівацца, – расказала спадарыня Ірына. – А газету з артыкулам мне знаёмы прынёс са словамі: «Глянь, тваю Аннушку шукаюць».

Жанчына распавяла, што яе сястра цяпер у вёсцы, і паведаміла, па якім нумары сяброўкі могуць звязацца. Нумар тэлефона мы перадалі ў Якуцк.

Спадзяёмся, у бліжэйшы час сяброўкі змогуць стэлефанавацца.

• Текст доступен на языке: ruРусский