Фота Радыё Свабода.

Каля 50 рабочых з Расіі 15 жніўня выйшлі на галоўную плошчу Астраўца. Яны патрабуюць разліку за два месяцы працы.

15 жніўня адразу ў некалькіх дзясяткаў найманых рабочых-мантажнікаў, якія працавалі на будоўлі Беларускай АЭС, скончыліся дамовы. Яны сцьвярджаюць, што наймаліся на працу праз расійскую кампанію «Стройинвестпроект», размешчаную ў Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым на пластыкавых пропусках ва ўсіх пазначаная іншая кампанія — АТ «Сезам».

Па словах рабочых, наймальнік спраўна аплачваў арэнднае жыллё, выдаваў сутачныя. А калі прыйшоў час выплачваць заробак, грошай не аказалася.​

​«Нам есці няма чаго, калі нам заплацяць?»

«Нас тут такіх каля 90 чалавек, — расказвае Свабодзе ў цэнтры Астраўца адзін з расейцаў, Аляксандар Лычаў. — Вось сюды да помніка Леніну зараз прыйшло 50 чалавек, гэта самыя адчайныя. Вы зразумейце, у нас грошай зусім няма, я нават за тэлефон не магу заплаціць. З вамі звязваўся праз інтэрнэт з дому, гаспадар нам вай-фай уключыў. Мы да вас звярнуліся, таму што гэта крайняя мера ўжо. Мы не ведаем, што рабіць далей».

Аляксандар Лычаў
Аляксандар Лычаў

Да помніка Леніну на цэнтральнай плошчы Астраўца прыйшло каля паўсотні рабочых. Свае гісторыі расказваюць, перабіваючы адзін аднаго, але ва ўсіх яны збольшага аднолькавыя. Наняліся на працу ў расійскую кампанію «Стройинвестпроект», прыехалі ў Астравец на вахту, адпрацавалі два месяцы, абяцаных грошай не атрымалі.

«Нам есці няма чаго, калі нам заплацяць? — працягвае Аляксандр. — Зараз нам кажуць — вяртайцеся ў Расію дадому, тады, магчыма, мы з вамі разлічымся. Але мы разумеем, што калі паедзем дадому, то грошай дакладна не пабачым.

Мы сюды ехалі, бо тут Беларусь, тут жа „Бацька“, сур’ёзнае дзяржаўнае будаўніцтва. Ніхто не мог падумаць, што нас так кінуць тут».

Сумы, якія ім належацца, рабочыя называюць розныя. У выпадку Аляксандра Лычава гэта прыкладна 62 тысячы расійскіх рублёў (каля тысячы долараў). Ёсць як больш, да 85 тысяч, так і менш. Акрамя жадання атрымаць заробленыя грошы, усіх расейцаў, што прыйшлі ў цэнтар Астраўца, аб’ядноўваюць яшчэ як мінімум дзве праблемы — у большасьці з іх найманае жыллё ў Астраўцы аплачанае да бліжэйшага панядзелка, дадому дабірацца сотні або тысячы кіламэтраў, а грошай няма нават даехаць у Смаргонь, куды іх паслалі ў Астравецкай пракуратуры.

«Мы зусім не ведаем, што нам рабіць цяпер, — расказвае яшчэ адзін расеец. — Хадзілі ў вашу пракуратуру, нам там далі паперку з адрасам у Смаргоні. Маўляў, звяртайцеся туды, гэта мясцовая інспекцыя па працы. Кажуць, калі дамоваў аб працы няма, то нічым дапамагчы не могуць. Прараб наш кажа, каб разбіраліся з пецярбурскай кампаніяй, там раяць вяртацца ў Расію, у мінскім прадстаўніцтве АТ „Сезам“ таксама нічога не кажуць. А нам што рабіць? Мы сюды зарабіць ехалі, ва ўсіх сем’і свае, крэдыты. Дзяцей у школу трэба збіраць, першага верасня хутка».

У якасці доказаў сваёй датычнасці да будоўлі Астравецкай АЭС расейцы паказваюць пластыкавыя пропускі, якія перасталі працаваць з 15 жніўня. На ўсіх картках — лагатып АТ «Сезам». Тое, што яны не заключалі афіцыйных дамоваў з кампаніяй-наймальнікам, тлумачаць проста — так абяцалі больш заплаціць, чым у выпадку з афіцыйным афармленнем.

«Нам да Лукашэнкі ісці ці што рабіць? — кажа Аляксандар Лычаў. — Парайце, куды звяртацца. Вось мы сюды выйшлі, можам яшчэ ў пракуратуру схадзіць. Нам няма чаго ўжо губляць.

Калі мы зараз паедзем у Расію дадому, то там з намі ніхто дакладна не расплаціцца. У нас адзіны шанец атрымаць грошы — застацца ў Беларусі, пакуль не заплацяць».

«Усіх набіралі па абвестцы»

Яшчэ частка рабочых у такой жа сітуацыі вырашыла вярнуцца ў Расею. Гэтак жа хоча зрабіць і Яўген, які не далучыўся да рабочых на сустрэчы з журналістамі. Праз тэлефон ён распавёў, што ў падобнай сытуацыі апынуліся каля 90 чалавек.

«Нас усіх набіралі па абвестцы. Усіх, хто тут працуе. Кампанія „Сезам“ заключыла дамову аўтстафінгу з кампаніяй „Стройинвестпроект“, а „Сезам“, у сваю чаргу, заключыў дамову з АСЭ („Атомстройэкспорт“ — генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС. — РС). Па дамове ў іх на выплату 45 дзён. Сёння апошні дзень, калі яны мусяць выплаціць. А хлопцам раней „Стройинвестпроект“ абяцаў выплаты на працягу месяца. Вось яны і чакалі, што выплаты будуць раней. І я такі ж наіўны быў».

Паводле ягоных словаў, за травень заробак людзі атрымалі. Цяпер тым, хто хоча выехаць у Расію, кампанія «Стройинвестпроект» купляе квіткі, каб людзі даехалі дахаты. І абяцаюць ужо там выплаціць ім заробак.

«Мы разарвалі кантракт з „Сезамам“. Цяпер „Сезам“ можа запатрабаваць выселіць людзей з гэтай прычыны. Але квіткі ніхто не адмаўляецца ім купляць. Некаторыя адмаўляюцца, бо думаюць, што калі яны застануцца, то хутчэй атрымаюць грошы. Я ў гэта не веру», — тлумачыць Яўген сваю пазыцыю.

«Затрымак няма, усё дакладна»

Расейцы ў адзін голас кажуць, што да беларускіх уладаў прэтэнзій не маюць, толькі да расійскай кампаніі-наймальніка. Яны спадзяюцца, што дырэкцыя будаўніцтва АЭС неяк дапаможа вырашыць праблему з атрыманнем абяцаных заробкаў.

У адваротным выпадку пагражаюць «расказаць усю праўду» пра тое, з якімі парушэннямі адбываецца будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Кампанія «Сезам» стала вядомая беларусам у 2016 годзе, калі выявілася, што яе рабочыя бразнулі аб зямлю корпус атамнага рэактара БелАЭС. У 2018 годзе на будоўлі БелАЭС адзін з рабочых кампаніі загінуў.

У беларускім прадстаўніцтве «Сезам», калі журналісты папрасілі пракамэнтаваць сітуацыю, іх скіравалі да кіраўніцтва расійскай кампаніі «Энергоспецмонтаж». Яна выконвае мантаж і рэканструкцыю атамных энэргетычных установак, у тым ліку на аб’ектах «Росатома», да якіх адносіцца і БелАЭС.

«Усім супрацоўнікам „Сезам“ заробак плаціцца ў час — аванс і пад разлік. Затрымак няма, усё дакладна. Па астатніх рабочых я нічога пракамэнтаваць не змагу», — сказаў Радыё Свабода намеснік генэральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах публічнага акцыянэрнага таварыства «Энергоспецмонтаж» Уладзімір Лабенка.

Такую самую пазіцыю заняў і Яўген — прадстаўнік кампаніі «Стройинвестпроект», якая наймала на будаўніцтва АЭС рабочых для кампаніі «Сезам». Ён параіў напісаць афіцыйны запыт кіраўніцтву.

У Інфармацыйным цэнтры АЭС паведамілі, што без адмысловага пісьмовага запыту камэнтаваць сытуацыю не будуць.

Радыё Свабода накіравала запыты ўсім датычным установам.

• Текст доступен на языке: Русский