16 жніўня ўвечары вуліца стрыд-фуда выглядала дзіўнавата. Паміж кавярняў лёталі купкі людзей з аркушамі паперы.

А тлумачылася гэты тым, што ў пятнічны жнівеньскі вечар «Рэгіянальная газета» ладзіла тут мерапрыемства. Намеснік галоўнага рэдактара Зоя Хруцкая падрыхтавала квэст у стылі мафіі «Разбудзі ў сабе Шэрлака».

Пра актыўнасць мы паведамлялі ў сваіх суполках і на сайце, таму народу сабралася дастаткова. У большасці гэта былі маладзечанцы. А два ўдзельнікі прыехалі з Вілейкі. Усе падзяліліся на чатыры каманды і рушылі выконваць заданні.

Награвалі паперу над свечкай, прасвечвалі яе ультрафіялетам… На кожнай станцыі уключалі ўсю сваю кемлівасць, каб правільна выканаць заданне, даведацца патрэбнае слова або свой далейшы маршрут.

У выніку перамагла аб’яднаная каманда «Маладзечна-Вілейка». Усе каманды атрымалі наборы беларускамоўных карт для гульні ў мафію. Дарэчы, скарыстаць іх можна было адразу ў гэты ж вечар на вуліцы стрыд-фуда. Што і зрабіла аб’яднаная каманда «Рэгіянальнай газеты» і яе аматараў.

Былі таксама ўзнагароды за лепшыя касцюмы ў стылі мафіі.

У рамках квэста актывісты дабрачыннай арганізацыі «Бумеранг дабра» размясцілі скрыні для збору ахвяраванняў. Сабраныя грошы пойдуць на лячэнне дзесяцігадовага хлопчыка Антона з Маладзечна.

Удзельнікі таксама маглі пазнаёміцца з фотавыставай маладзечанкі Арыны Тархан. Выстава распавядала пра жыццё людзей з інваліднасцю. Аўтар выставы і летась у лістападзе ўдзельнічала ў фотамарафоне «Рэгіянальнай газеты» і перамагла.

– Было цудоўна! – падзялілася ўражаннямі актывістка, арганізатар вуліцы стрыд-фуда Ганна Холад. – Адразу я не планавала ўдзельнічаць у квэсце. Але проста не было сіл стаяць і глядзець, як гэта робяць іншыя.

Фота Настассі Уткінай.