Сёлета 7 верасня сустракае 65-гадовы юбілей паэт з Мядзела, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шасці кніг Аляксандр Быкаў.

Яго кніга «За межы круга» стала пераможцай Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў 2014 годзе, а сам аўтар атрымаў «Залатога купідона».

Першы зборнік – прысвячэнне жонцы

Першы вершаваны зборнік паэта «Кветка папараць» выйшаў 2005 годзе. Гэту кнігу паэт прысвяціў жонцы, Таццяне.

«Кветка папараць» стала першым сапраўдным зборнікам. Але мала хто ведае, што яшчэ раней быў самвыдатаўскі зборнічак па-руску, дзе большасць лірычных вершаў таксама прысвячаліся яго вернай пажыццёвай музе Таццяне.

Вучыўся на журфаку, дзе вершаплёцтва не дужа віталася

З паэтам Аляксандрам Быкавым мы разам вучыліся на факультэце журналістыкі БДУ. Тады нешматлікія ведалі пра яго паэтычныя здольнасці, ды і, як мне помніцца, вершаплёцтва не дужа віталася на журфаку, за выключэннем прыязных да літаратурных эксперыментаў выкладчыкаў-філолагаў.

З кагорты аднакласнікаў Саня вылучаўся сваімі камунікабельнасцю, яскравым трапным гумарам, іранічнымі каментамі, якія нікога не крыўдзілі, а вельмі часта спрошчвалі напружаную сітуацыю.

Сёння, чытаючы і перачытваючы кніжкі паэта, я адчуваю іранічныя матывы бадай у кожным вершы. Ці не таму лагічным працягам яго творчых пошукаў сталі пародыі на вершы калег па пяру.

Вершы пра каханне, радзіму, спорт

Паэзія Аляксандра Быкава мае свой асабісты голас, сваю мелодыку і, што адметна –афарыстычную выснову, своеасаблівую мараль у завяршальных радках літаральна кожнага верша.

Мала сёння творцаў, якія асмельваюцца зрабіць выснову напісанаму, падвесці рысу і нават даць параду. А ён рызыкуе, хаця ні разу не перайшоў той мяжы, за якой небяспечна ператварыцца ў занудлівага чытальніка натацый.

Нават яго імкненне вырвацца за межы круга ў аднайменнай кніжцы вершаў – не прыклад усёдазволенасці, а пакутлівыя пошукі свайго шляху, сцвярджэнне ідэалаў, якія не павінны крыўдзіць інтарэсы іншых людзей.

У гэтай сваёй далікатнасці, тактоўнасці – самасцвярджэнне аўтара і лірычнага героя.

Шмат гадоў Аляксандр Быкаў працаваў у раёнцы поруч з героямі сваіх публікацый. Ён ведаў іх штодзённыя клопаты, занепакоенасць заўтрашнім днём сваіх дзяцей, лёсам шматпакутлівай малой радзімы.

Яго патрыятызм не пафасны, а вельмі канкрэтны. Гэта не ідэалогія, а пачуцці.

Матывы малой радзімы з яе спрадвечнымі праблемамі прагучалі ў ранніх вершах:

Вёска справы не пакіне

Хай абрынецца Сусвет.

Па адвечнай каляіне

Там усё ідзе як след...

Яшчэ адно захапленне, якому да нядаўняга часу Аляксандр аддаваўся з апантанасцю – марафон. Ці не таму ён некалі абраў менавіта бег, што ў гэтым відзе спорту яму бачыліся агульныя з паэтычнай творчасцю пакуты і агульная асалода ад чарговай перамогі. Вось такую выснову ён зрабіў у вершы «Марафонец»:

…Такая доля марафонца:

Ісці на жылах і цярпець

І праклінаць спачатку сонца,

Каб потым гімн яму прапець.

Найбольш праяўляецца паэтычны талент Аляксандра Быкава ў яго любоўнай лірыцы. Напэўна, мала знойдзецца творцаў, якія так узнёсла і пяшчотна пішуць пра шчаслівае каханне. Хаця іншы раз узнікаюць матывы непаразумення, расчаравання і тым не менш у яго творчасці, як і аднайменнай кнізе «І тым не менш», каханне перамагае і дае надзею ўсім закаханым у сваю неўміручасць:

Яшчэ нас напаткаюць крыгаломы

І ў небе заспяваюць жаўрукі.

І недзе там, за рысай невядомай,

Ізноў тваёй я папрашу рукі!

Чарговы юбілей – як жыццёвая справаздача. Таму напярэдадні ў Аляксандра Быкава выйшла новая кніжка вершаў «Барысаўскі тракт». Гэта даніна ўдзячнасці месцу свайго нараджэння, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва. Павіншуем паэта з надыходзячым юбілеем і будзем чытаць яго новыя творы, прасякнутыя любоўю, верай, надзеяй.

Даведка

Нарадзіўся Аляксандр Быкаў у Барысаве, там закончыў сярэднюю школу № 11.

Працаваў трактарыстам у аб’яднанні «Барысаўдрэў», карэспандэнтам у шматтыражцы

«Трыбуна наватара» завода БАТЭ, кіраваў літаратурным аб’яднаннем «Бярэзіна». Ад 1985 года працуе журналістам у «Нарачанскай зары».

• Текст доступен на языке: ruРусский