Юлія над стварэннем вобраза. Фота забяспечанае гераніняй публікацыі.

Viridiland – своеасаблівы чэмпіянат свету па прыгажосці. Яго ладзілі ў Кіеве ў канцы мая. Гран-пры конкурсу ўзяла жыхарка Вілейкі Юлія Томкавіч.

– Фестываль ладзілі ў канцы вясны, але толькі цяпер, у жніўні, я крыху прыйшла ў сябе пасля напружанай працы і перамогі. Да таго ж ужо пасля Украіны ўдзельнічала ў падобным конкурсе ў Літве, – кажа Юлія.

У конкурсе ў Кіеве ўдзельнічалі майстры з 48 краін. У складзе каманды Беларусі была Юлія са сваёй мадэллю, таксама віляйчанкай, Раісай Радчанкай.

Падчас конкурсу.

Да конкурсу пачалі рыхтавацца прыкладна за паўгода. Падбіралі патрэбныя касцюмы, прадумвалі цікавыя дэталі, стваралі непаўторны вобраз, рыхтаваліся да завочных намінацый.

У выніку ў Кіеў паехалі з пяццю чамаданамі.

Юлія ўдзельнічала ў чатырох намінацыях: у дзвюх вочных і дзвюх завочных.

Вілейская мадэль у вобразе.

У галоўнай намінацыі (вочнай) на вачах у журы ўдзельніца з Вілейкі за дзве з паловай гадзіны стварыла пазногці экстрэмальнай дліны з фантазійным дызайнам, каб яны падыходзілі да прыдуманага вобраза.

Тыя самыя фантазійныя пазногці.

У галоўнай намінацыі дзяўчына атрымала найбольшую колькасць балаў сярод усіх удзельнікаў.

– Гэты вобраз ад туфлей да кончыка кароны, я прыдумала і стварыла ў Вілейцы, – падзялілася Юлія.

Другая намінацыя – гель лак у вобразе, таксама вочная. Вобраз стваралі такі, каб ён падыходзіў да паўсядзённага жыцця жанчыны.

Юлія Томкавіч з узнагародай.

Трэцяя і чацвёртая намінацыі былі завочнымі. Для адной з іх Юлія інкруставала стразамі сумачку-клатч.

Як прызналася ўдзельніца, для інкрустацыі спатрэбілася каля пяці тысяч стразаў.

І апошняя намінацыя – гэта фотаконкурс.

– Мы, канешне, чакалі ўзнагароды. Я вельмі ўклалася ў гэты конкурс. Але не думала, што набяру найбольшую колькасць балаў сярод усіх удзельнікаў і што будзе гран-пры, – кажа Юля. – Таму ад нечаканасці і хвалявання не паспелі сфатаграфаваць момант узнагароджання.

Юлія Томкавіч – неаднаразовая пераможца падобных конкурсаў. Мае каля 20 перамог у краінах Еўропы і СНД. А вось на сусветныя спаборніцтвы трапіла ўпершыню ў складзе каманды Алёны Смірновай.

Здымкі забяспечаныя гераіняй публікацыі.

• Текст доступен на языке: Русский