Фота Сяргея Уладыкі

Лета, выхадны дзень – выдатны час для эксперыментаў. За тры гадзіны пабываць на двух футбольных матчах “мінорнай” лігі і не аб’есціся гульнёй – чым не праверка?!

Маршрут быў абраны самы кароткі: пункты А і Б падзялялі ўсяго 89 кіламетраў і 70 хвілін няхуткай  язды. Самі матчы выклікалі цікаўнасць: у Маладзечне гаспадары прымалі андэрдогаў другой лігі – футбольны клуб “Клецк”.

У Ашмянах мясцовыя мераліся сіламі таксама з “Андэрдогам” – праўда, толькі па назве. Хоць перад стартам канкрэтна гэтага супрацьстаяння, калектыў з пасёлка Чысць кацiравалі крыху ніжэй. Акрамя самога футбола, хацелася яшчэ і эмоцый. Адчуць, дзе любяць футбол больш: у статысячным горадзе ці ў куды больш сціплым – з насельніцтвам парадку 16 тысяч чалавек?

Мэты былі пастаўленыя. Справа была за малым – рэалізацыя намечаных планаў. Маладзечанскі “Гарадскі” сустрэў прыемным сонечным надвор’ем і, як заўсёды,  сур’ёзнай арганізацыяй матча – частка гасцявой каманды ўсур’ёз здзівілася, калі іх папрасілі выйсці на поле з адміністрацыйнага будынка арганізавана, пад бадзёрую музыку разам з камандай гаспадароў і судзейскай брыгадай. У астатнім, таксама ўсё, як заўсёды. І 300-400 верных балельшчыкаў, і бадзёрая група на фанацкім сектары, і нават дзяўчаты- “бол-боі” – ужо даўно звыклыя фішкі футбола па-маладзечанску.

Да пачатку гульні дыскваліфікаваны варатар  Антон Шунто мог з лаўкі назіраць за размінкай суддзяў, але пасля стартавага свістка вымушаны быў сысьці на трыбуну. З першых хвілін гаспадары пайшлі ў атаку і раз за разам правяралі на крэпасць абарону прыезджых. Першы гол быў падзеяй немінучай, але ўбачыць яго не ўдалося. Толькі пачуць. Радасны вокліч заўзятараў заспеў мяне каля варотаў стадыёна – трэба было ехаць у Ашмяны.

Дарога рэдка бывае прыемнай, але гэта якраз той выпадак. Неінтэнсіўны рух разам з прыгажосцю пейзажаў прымусілі не заўважыць час, праведзены ў дарозе. Стадыён размяшчаецца на ўездзе ў горад, таму шукаць яго таксама асабліва не прыйшлося. Каля ўвахода на арэну аказалася мноства прыпаркаваных ровараў – ашмянцы, відавочна, за здаровы лад жыцця. Усмешлівыя міліцыянеры павіталіся першымі і не дакучалі залішне пільным даглядам.

Маленькі, але прыемны штрых, які спрыяў падняццю настрою. Заўзятары павольна, але грунтоўна займалі месцы, а каманды выходзілі на поле па даволі вычварным маршруце – трэба было спусціцца з пагорка і метраў 30 прайсці па натуральнай траве да штучнага газона. Чаго не зробіш дзеля  гульні, у якую ўлюбёны?!

Падчас матча прамчаліся гэтак жа імкліва, як неапазнаны лятаючы аб’ект, што кружыў ўсе 90 хвілін над спартыўнай пляцоўкай. Гаспадары выйгралі 1:0, дзякуючы хуткаму голу. Дзейства змясціла ў сябе шмат барацьбы і эмоцый – мячы свісталі над галовамі, часцяком пералятаючы праз плот. І нават праляталі скрозь яго. Канструкцыя агароджы лёгка прапускала скрозь сябе не толькі гульнявы снарад, але яшчэ і бол-боеў, якія раз за разам ішлі “ў поле”, каб вярнуць мяч назад.

Гульня цешыла вока, як і мясцовая дзятва, што з цікавасцю назірала за падзеямі матча. Многія займаюцца футболам і прыйшлі на стадыён  у чырвоных майках, узятых у секцыі.  І гэта выдатна. Але больш за іх парадаваў хлапчук у футболцы французскай каманды ПСЖ, які на пытанне дурнога дзядзькі-карэспандэнта, што пераблытаў экіпіроўку грандаў сусветнага футбола:

– Барса лепш за ўсіх?

Адказаў:

– Не!

– А хто?

Усведамляючы промах, ужо гатовы быў пачуць: ПСЖ і нават які-небудзь Ман.Сіці, але хлапчук здзівіў:

– Ашмяны!

І вось ён – прыгажун! Таму што ўмее любіць! Сваіх!

Фота Сяргея Уладыкі.

• Текст доступен на языке: ruРусский