Фота Вадзіма Заміроўскага для TUT.BY

Уначы 21 жніўня ў 93 гады памёр Ілля Курган, паведамляе TUT.BY са спасылкай на сваякоў легендарнага дыктара.

Сапраўднае імя Іллі Кургана – Ілля Эйдельман. Калі ў 1949 годзе ён прайшоў сярод амаль 100 кандыдатаў па конкурсу i быў прыняты дыктарам Беларускага радыё, кіраўніцтва прапанавала яму афіцыйна памяняць прозвішча. Ілля Львовіч ўзяў дзявоцкае прозвішча маці – Курган. На радыё ён прапрацаваў да 1990 года.

Ён таксама працаваў літаратурным кансультантам у Купалаўскім тэатры і Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, выкладаў на кафедры сцэнічнай мовы ў Беларускай акадэміі мастацтваў і Менскам універсітэце культуры і мастацтваў.

Ілля Львовіч сышоў на пенсію толькі ў 87 гадоў.

У красавіку гэтага года ва ўзросце 66 гадоў памёр яго сын – педагог і акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Уладзімір Курган.

Развітанне з Іллёй Курганам адбудзецца ў пятніцу, 23 жніўня ў Купалаўскім тэатры. Развітанне пачнецца ў 11:00, грамадзянская паніхіда – ў 12.30 (і будзе працягвацца да 13 гадзін).

• Текст доступен на языке: ruРусский