Вілейскія школьніцы разбілі два мабільнікі сваёй аднагодкі. А яе сумачку кінулі пад машыну

Здарэнне адбылося днямі недалёка ад сажалкі ў раёне пятай школы.

Як расказаў часова выконваючы абавязкі  намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Вілейскага РАУС Дзмітры Садоўскі, дзве 12-гадовыя дзяўчынкі купаліся ў сажалцы.

Неўзабаве да вадаёма прыйшлі яшчэ дзве дзяўчынкі паглядзець на лебедзяў.

Першым не спадабаўся візіт аднагодак, яны прагналі дзяўчынак. І тыя пайшлі на іншы бераг сажалкі.

Калі школьніцы пасля купання сабраліся дадому, убачылі ровар адной з тых, што прыйшлі пазней.

У кошыку на ровары ляжала сумачка адной з іх. Дзяўчынкі прыхапілі сумачку.

Па дарозе дасталі з яе два мабільных тэлефоны: кнопкавы выкінулі, сэнсарны разбілі, а сумачку кінулі пад машыну.

Пакрыўджаная дзяўчынка расказала пра ўсё маме. Жанчына звярнулася ў міліцыю.

Улічваючы, што дзяўчынкі не дасягнулі ўзросту, з якога наступае адказнасць за дадзенае злачынства, у распачынанні крымінальнай справы адмовілі.

І хоць бацькі кампенсавалі шкоду, матэрыялы накіруюць для разгляду на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.

Каб пазбегнуць падобных інцыдэнтаў Вілейскі РАУС просіць бацькоў больш увагі надаваць арганізацыі вольнага часу сваіх дзяцей на канікулах.

• Текст доступен на языке: ruРусский