24 жніўня ў гарадскім парку ў Маладзечне актывісты ініцыятывы «Самы час!» правялі фестываль здаровага ладу жыцця – заключнае мерапрыемства праекта, накіраванага на здароўе і даўгалецце мужчын 45+.
Кіраўнік ініцыятывы – ураджэнец Маладзечна Андрэй Эзерын.

– Маладзечна – мой родны горад. Тут я жыў у 1960-1980-х гадах у раёне былой крамы «Елгава», вучыўся ў шостай школе. Але не толькі таму мы абралі Маладзечна для правядзення фестывалю, – распавёў карэспандэнту спадар Андрэй. – На маю думку, Маладзечна – немаленькі горад. Тут адбываецца шмат падзей. І мы разлічваем, што водгук ад гэтага мерапрыемства таксама будзе моцным.


Па словах кіраўніка праекта, асноўнай мэтай арганізатараў была інфармацыйная кампанія. Да людзей даносілі інфармацыю аб праблеме невялікай працягласці жыцця мужчын:
– Большасць мужчын не разумее ступень адказнасці за тое, што яны рана паміраюць, – перакананы кіраўнік праекта.
Андрэй прызнаецца, што праблему ўбачыў не адразу.
Прыгадвае: за невялікі прамежак часу страціў некалькіх сваіх сяброў – яшчэ даволі маладых мужчын.
Тады ж і задумаўся, чаму так адбываецца. І як піяр-спецыяліст па сваёй асноўнай прафесіі прыйшоў да такой ініцыятывы.



Мерапрыемства пачалося з агульнай зарадкі і ўзнагароджання журналістаў, якія перамаглі ў конкурсе на найлепшы матэрыял на тэму мужчынскага здароўя.
Пасля ўдзельнікі самі абіралі цікавыя для сябе пляцоўкі. Вучыліся скандынаўскай хадзе і славянскай гімнастыцы, наведалі майстар-класы па архітэктуры цела і зумбе, кансультаваліся ў дактароў.

З лекцыямі выступілі эксперты Людміла Жылевіч, Валянціна Цярэшка, Сяргей Скляраў, Андрэй Эзерын.
Працавала дзіцячая зона і пляцоўка мёльке – фінскіх гарадкоў. Для ўдзельнікаў выступіў блюз-гурт Сяргея Склярава «THE ROAD DOGS».

Фестываль праводзілі ў рамках праекта «БЕЛМЕД» пры фінансаванні Еўрасаюза і рэалізацыі ПРААН.


Фестываль падвёў вынікі ініцыятывы «Самы час!». Але па словах актывістаў, на гэтым праца ў накірунку здароўя і даўгалецця мужчын 45+ не заканчваецца.
У рамках ініцыятывы праводзіліся актыўнасці ў пяці гарадах Міншчыны. У нашым рэгіёне – у Маладзечне і Валожыне.
Пра семінар у Маладзечне можна пачытаць тут.
Фота аўтара.
• Текст доступен на языке: Русский