Трэба хоць павярхоўна ведаць гісторыю ранняга сярэднявечча Беларусі, каб разабрацца з тэкстамі паэмы Уладзіміра Цануніна «Белыя галубы над Сафіяй (у вянок Святой Прападобнай Еўфрасінні, ігуменні і княжне Полацкай)».

Кніжку кішэннага фармату ў цвёрдай размаляванай вокладцы сёлета ў ліпені выпусціла ў свет выдавецтва «Колорград».

Уладзімір Цанунін, гісторык па прафесіі, глыбока вывучыў жыццё гераіні, каб у 188-мі чатырохрадковых слупках паказаць усю яе дзейнасць і эпоху, у якой яна жыла.

Пра Еўфрасінню Полацкую я чытаў у празаічных творах шэрагу аўтараў, але больш узнёсла і патрыятычна пра нашу зямлячку, мне здаецца, расказаў Уладзімір Цанунін.

Твор разбіты на дзве часткі: першая – пра жыццё Прападобнай на Радзіме і другая – пра апошні шлях на роднай зямлі і заключныя дні жыцця ў Ерусаліме.

Кожная частка разбітая на асобныя вершы. (Я назваў бы іх звёнамі да вянка). Усе старонкі акаймлёныя рамкамі, што характэрна для асобных выданняў Евангелля.

Пачынаецца паэма са слоў, што «над Сафіяю Святою кружылі ў небе галубы», па акрузе ж лунала песня – «яе спяваў гусляр сляпы». І над Рубонам (старажытная назва Заходняй Дзвіны) плыў царкоўны звон. Дарэчы, і далей згадваецца гусляр.

У звяне «Полацк» апісваецца нашэсце чужынцаў, якія знішчылі ўсё на сваім шляху. Нягледзячы на гэта, зноў «з бярвенняў вырасталі хаты і гмахі вежаў-таямніц», а «Пад белых воблакаў каронай лунаў у небе белы птах». (Звяно «Зямля Крывіцкая»).

Прадславе (крывіцкае імя Еўфрасінні) ужо споўнілася 12 гадоў, а ў гэтым узросце па законах таго часу да дзяўчынак дазвалялася засылаць сватоў. Князёўна «таемна ў царкву з малітваю пайшла». Яе сустрэла княгіня, цётка Раманава, «і ад чужых вачэй схавала ў зарэчанскім манастыры».

Прадслава ў думках маліла Дух Святы, каб даў ёй вытрымкі і сілы застацца «да магілы нявестаю Хрысту», таму «ад срэбра з золатам бяжыць». З благаславення ігуменні іерэй зрэзаў ёй косы. І званы «пад чыстым небам у задзвінні» ўсім паведамілі, што «Прадслава стала Еўфрасінняй!».

У Бельчыцах (левабярэжны раён Полацка, рэзідэнцыя князёў) узвышаўся сабор Святой Сафіі, пабудаваны ў сярэдзіне 11 стагоддзя, крыжы якога заўсёды зіхацелі ў паднябессі.

З чарговага верша-звяна  «Мары» даведваемся, як Еўфрасіння «маліла ўсіх анёлаў начамі з думкаю адной прасіць свяцейшага дазволу жыць у Сафіі за Дзвіной». З ведама біскупа Іллі «Сюды з манастыра з задзвіння да келлі моўчкі правялі святыя сёстры Еўфрасінню».

Тут чарніца (манашка) узяло ў руку пяро «і шчыра пачала маліцца над кожнай літарай радка». За напісаныя чарніцай кнігі «шмат адвесяць срэбра. А грыўны шчодра да адной яна раздасць, бо непатрэбна ёй гэта ў мітусні зямной».

У «Снах Еўфрасінні» гаворыцца пра тое, як «да былой Прадславы анёл прыйшоў у дзіўным сне» і прашаптаў, што «ёй наканаваны лёс тут збудаваць царкву, бо гэта жадае бачыць сам Хрыстос». Такі ж сон бачыў і ўладыка полацкі Ілля. Месца, адведзенае для храма, «Сяльцом празвалі».

Да цэркаўкі Святога Спаса

манашку нібыта вялі.

Ёй землі тыя з цягам часу

з дазволу князя аддалі.

З інтарэсам чытаецца звяно «Будоўля», з якога мы даведваемся, што такое цамянка, плінфы, галаснікі. Новы сабор «царквой Святога Спаса народ да нашых дзён заве. Легенд з таго былога часу нямала ў Полацку жыве».

Святы горад Ерусалім сніўся Еўфрасінні кожную ноч. Шлях да яго і знаходжанне ў ім апісваецца ў другой частцы паэмы. Праводзіць Прападобную Еўфрасінню ў нязведаны шлях сабралася ўсё Сяльцо. У суправаджэнні брата Давыда і сястры Еўпраксіі дабіралася  яна абозам і чаўнамі, і на вазах, «бо скончылася залатая восень. Ударылі начныя маразы». Але з дапамогай анёлаў, якія пазбавілі «ад перашкод, варожых хмар” нарэшце Прападобная дабралася «да горада яе дзіцячых мар».

Перад тым, як трапіць у мясцовы манастыр, куды Еўфрасінню праводзілі Еўпраксія з Давыдам, яна «над вечнай цішынёй Святой Гары» гадзінамі малілася да вячэрняй зары.

Ужо ў келлі Еўфрасіння, калі «Хвароба нечаканаю навалай» «раптоўна рукі, ногі прыкавала, ды так, што не варушацца яны», зразумела, што «больш не вернецца» ў Бельчыцы.

Адпеўшы ў абіцелі Феадосія Святога памерлую Еўфрасінню, «мошчы Прападобнай Еўфрасінні» Ерусалім пакінулі назаўжды.

А вось якімі словамі заканчваецца паэма ў звяне «Пад белымі крыламі»:

Да нашых дзён Святая Еўфрасіння

за Беларусь нясе Хрысту мальбы,

а над Сафіяй у нябёсах сініх,

як сімвал веры, кружаць галубы.

• Текст доступен на языке: Русский