У Маладзечанскім раёне міліцыянеры знайшлі падпольны самагонны міні-завод

Маладзечанскія праваахоўнікі знайшлі міні-завод па вытворчасці самагонкі ў вёсцы Цівідаўка. Міліцыянеры канфіскавалі сотні літраў брагі і 130 літраў гатовага прадукту.

40-гадовы вясковец размясціў падпольны цэх у хляве. Вытворчы агрэгат усталяваў у аддаленай частцы гаспадарчай пабудовы, на паўметра ніжэй узроўню зямлі. Адходы спіртавой вытворчасці мужчына выкарыстаў для кармлення жывёлы.

Міліцыянеры канфіскавалі і знішчылі 400 літраў самагоннай брагі. Апарат для вырабу спіртнога дэмантавалі і канфіскавалі. Акрамя гэтага, у пластмасавай бочцы ў хляве супрацоўнікі міліцыі выявілі 130 літраў гатовага прадукту.

Як патлумачыў сам бутлегер, гнаў ён самагон выключна для асабістых патрэб.

На дадзены момант праводзіцца праверка. Па яе выніках будзе прынята прававое рашэнне.

Мужчыну пагражае адміністрацыйная адказнасць згодна з арт. 12.43 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Санкцыя прадугледжвае штраф да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадукцыі і апаратаў для вытворчасці.

Затрыманы двойчы ў 2017 годзе трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за бутлегерства.

Маладзечанскі РАУС нагадвае, што за выраб моцных алкагольных напояў і паўфабрыкатаў, а таксама за захоўванне самагоннага апарата парушальнікаў чакаюць сур’ёзныя штрафы.

• Текст доступен на языке: Русский