Салдата Астравецкага гарнізона пасадзілі на «губу» за мабільнік. Ці за канал у Telegram пра войска?

Салдата Астравецкага гарнізона на дзесяць сутак пасадзілі на гаўптвахту за карыстанне мабільным тэлефонам, піша Радыё Свабода.

Спагнанне вынес выканаўца абавязкаў камандзіра часткі падпалкоўнік Алег Бацькоў. Факт пакарання пацвердзіў Радыё Свабода прэссакратар міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

«Вайсковец тэрміновай службы пакараны камандзірам часткі за выкарыстанне на тэрыторыі часткі мабільнага сродку сувязі невысветленага ўзору», — працытаваў арыштны ліст палкоўнік Макараў.

Паводле дакумента, вайсковец парушыў загад, які рэглямэнтуе ўжыванне тэхнічных сродкаў сувязі. Прозвішча пакаранага гаўптвахтай салдата Уладзімір Макараў не назваў.

«Іншыя прычыны пакарання вайскоўца ёсць чуткамі і домысламі», — пракаментаваў палкоўнік альтэрнатыўныя версіі падзеі.

Між тым, паводле блогера Эдуарда Пальчыса, гісторыя з пакараньнем салдата выглядае інакш.

«У нашай супольнасці ў Telegram ёсць канал @wordandtruth, які калектыўна вядзецца хлопцамі, што праходзяць тэрміновую службу. Адзін з аўтараў канала служыць у самай новай вайсковай частцы пад нумарам 97106, якую нядаўна стварылі ў Астраўцы.

Дык вось, памочніку міністра абароны па ідэалагічнай працы (далей названа прозьвішча) не спадабаўся змест канала. Пачалі шукаць аўтараў і нейкім чынам вылічылі салдата-адміна», — паведаміў блогер.

• Текст доступен на языке: Русский