На Маладзечаншчыне кіроўца знёс плот на ферме і ўцёк з месца здарэння. Дошкі прабілі машыну наскрозь

25 жніўня каля 20 гадзін  40-гадовы мінчанін на аўтамабілі Renault ехаў па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Ласі з боку аўтадарогі Р-28 Мінск-Маладзечна-Нарач. 

Кіроўца ехаў у бок садовага таварыства «Дружба». На закругленым участку дарогі ўлева мужчына не справіўся з кіраваннем. Машына з’ехала ў правы па ходу руху кювет, дзе працягнула рух.

Легкавы аўтамабіль знёс каля 60 метраў драўлянага плота. Дошкі прабілі лабавое шкло і прайшлі скрозь салон. У выніку аварыі кіроўца не пацярпеў.

Мужчына пакінуў месца здарэння і пашкоджаны аўтамабіль.

Па прыбыцці супрацоўнікаў ДАІ аўтамабіль ужо знаходзіўся на ўчастку кіроўцы. Як патлумачыў сам мужчына, ён звязаўся з кіраўніцтвам мясцовай фермы і запэўніў, што будзе дапамагаць аднаўляць агароджу.

Фігурант кіраваў легкавым аўтамабілем без адпаведнай катэгорыі. У мужчыны маюцца правы катэгорыі “С”.

• Текст доступен на языке: Русский