Немцы за ўсю гісторыю сучасных Алімпійскіх гульняў правялі дзве Алімпіяды – і адна з іх самая неадназначная для нямецкай гісторыі і спорту.

У 1936 годзе Гульні прайшлі ў Берліне падчас існавання Трэцяга рэйха. Гітлер выкарыстаў спартыўныя спаборніцтвы як інструмент прапаганды. У той час спорт стаў часткай палітыкі. Гэта была апошняя Алімпіяда перад Другой сусветнай вайной. Наступныя Гульні прайшлі толькі праз 12 год – у 1948-м.

Алімпіяда ў Берліне стала першай, якую трансліравалі па тэлебачанні

Берлін выйграў заяўку на правядзенне Гульняў у 1931 годзе ў Барселоне. Каб гульні правялі менавіта ў Берліне, а не ў Лос-Анджэлесе (амерыканскі горад таксама быў прэтэндэнтам), па загадзе Адольфа Гітлера пабудавалі новы стадыён для лёгкай атлетыкі і мноства спартыўных арэн.

Гульні-1936 упершыню паказалі на тэлебачанні, а па радыё трансліравалі на 41 краіну. Кінарэжысёр Лені Рыфеншталь здымала Алімпійскія гульні ў Берліне, а пазней яе фільм «Алімпія» лічылі піянерам многіх тэхнік, якія сёння распаўсюджаныя ў спартыўных здымках.

Берлін-1936 – прапагандысцкі інструмент Гітлера супраць яўрэяў

Адольф Гітлер бачыў Алімпійскія гульні як магчымасць прасоўвання свайго ўрада і ідэалаў расавай вяршыні і антысемітызму. Афіцыйная газета нацысцкай партыі, «Фёлькішыр беабахтэр», настойліва пісала, што яўрэяў нельга дапускаць да ўдзелу ў Гульнях.

Аднак Гітлеру пагражалі байкотам іншыя краіны, ён саступіў і дазволіў удзельнічаць цемнаскурым і яўрэям.

У той жа час партыя прыбрала шыльды з надпісам «Не хочам яўрэяў» і аналагічныя лозунгі з асноўных турыстычных славутасцяў горада.

Міністэрства ўнутраных спраў Германіі дазволіла начальніку паліцыі арыштаваць усіх цыганоў і ўтрымліваць іх у канцлагеры «Берлін-Марзан», каб «ачысціць» горад.

Нямецкі алімпійскі камітэт практычна забараніў удзельнічаць у Гульнях немцам, якія былі яўрэямі ці цыганамі. У саставе нямецкай зборнай была Хэлен Мэйер, у якой бацька быў яўрэем. Такое рашэнне камітэта азначала выключэнне са спаборніцтваў вядучых спартсменаў краіны.

Кідальнік дыска Лілі Хенох (чатырохразовая рэкардсменка свету і 10-разовы чэмпіён Германіі) і Грэтэль Бергман, якой забаранілі ўдзельнічаць праз некалькі дзён пасля таго, як яна ўстанавіла рэкорд у скачку ў вышыню.

Асобныя яўрэйскія спартсмены з шэрагу краін вырашылі байкатаваць Алімпіяду ў Берліне: паўднёва-афрыканскі Сід Кіль і амерыканцы Мілтан Грын і Норман Канерс.

Джэсі
Джэсі Оўэнс.
Фота ap.org

Цемнаскуры лёгкаатлет Джэсі Оўэнс стаў сімвалам Алімпіяды

Галоўнай зоркай Алімпіяды стаў цемнаскуры амерыканец Джэсі Оўэнс. Амерыканец заваяваў чатыры залатыя медалі ў спрынце і скачках у даўжыню. Ён стаў самым паспяховым спартсменам, які спаборнічаў у Берліне, і нямецкія гледачы высока
ацанілі талент атлета. Сапернікам амерыканца ў фінале эстафеты быў немец Луц Лонг, які застаўся яго сябрам да самай смерці ў 1943 годзе. Наконт узаемаадносінаў Джэсі Оўэнса і Адольфа Гітлера існуе нямала міфаў. Адзін з самых распаўсюджаных пра тое, што Гітлер з-за сваіх забабонаў не паціснуў руку цемнаскураму спартсмену пасля таго, як той выйграў медаль. Гэты міф застаўся міфам: Гітлера папрасілі не ціснуць руку кожнаму алімпійскаму чэмпіёну, таму што гэта займала час. Па адной з легенд, Гітлер і Оўэнс усё ж павіталі адзін аднаго. Напрыклад, Альберт Шпеер пісаў, што Гітлера «моцна раздражняе шэраг перамог каляровага амерыканскага бегуна Джэсі Оўэнса».

Пасля смерці Оўэнса прэзідэнт ЗША Джымі Картэр казаў: «Ні адзін спартсмен так ярка не сімвалізаваў барацьбу з тыраніяй, беднасцю і расавым фанатызмам».

Германія перамагла на дамашняй Алімпіядзе

Алімпіяда працягвалася ад 1 да 16 жніўня 1936 года. Усяго разыгралі 129 камплектаў медалёў у 19 відах спорту. Германія перамагла ў агульнакамандным заліку, заваяваўшы 89 медалёў, з іх 33 – залатыя. Амерыканцы, якія сталі другімі, выйгралі 24 залатыя ўзнагароды. На трэцім месцы размясцілася Італія.

Лёс герояў Алімпіяды склаўся па-рознаму. Кіраўнік алімпійскай вёскі Вольфганг Фюрстнер скончыў жыццё самагубствам праз тры днi пасля заканчэння Гульняў. Яго звольнілі з ваеннай службы за ўтойванне яўрэйскага паходжання. Польскі плывец Ілля Шрайбман і фехтавальшчык Раман Кантар загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах. Большасць нямецкіх алімпійцаў адправіліся на вайну і загінулі на палях бітваў. Чэмпіёна па конным спорце Людвіга Стубэндорфа забілі на Усходнім фронце ў 1941 годзе. Штурхач ядра Ганс Вёльке пайшоў у паліцаі, быў злоўлены і забіты партызанамі ў 1943-м пад Хатынню.

Шыльда
Вынікі спаборніцтваў, якія адбываліся на Берлінскім алімпійскім стадыёне.
Фота wikimedia.org

Пасля заканчэння Алімпіяды заставалася яшчэ тры гады да пачатку вайны. Міжнародная прэса прызнала, што Германія правяла самыя паспяховыя Гульні ў гісторыі. Газета «НьюЁрк Таймс» заявіла, што Алімпіяда «вярнула Германію ва ўлонне нацый» і «зрабіла яе больш гуманнай».

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1946 годзе, Міжнародны алімпійскі камітэт прынёс публічныя прабачэнні – ён прызнаў, што аддаць Алімпійскія гульні Германіі на пачатку 1930-х было памылкай.