Шэры, дэпрэсіўны, пусты, нефункцыянальны… Такім убачылі маладзечанскі рэчавы рынак маладыя людзі з Беларусі, Расіі і Германіі. А яшчэ яны прапанавалі свае ідэі, як палепшыць гэту гарадскую прастору.

Як распавяла маладзечанка Ганна Холад, адна з каардынатараў праекта «Вуліца стрыт-фуда», маладыя людзі прыехалі ў Маладзечна па еўрапейскай праграме «Эразмус+».

Моладзь з трох краін – актывісты. Нехта займаецца спортам, нехта ладзіць фестывалі, нехта – праектны менеджар.

Ландшафтным дызайнам займаюцца далёка не ўсе. Але маладых людзей аб’яднала тэма праекта Arts in urban places: re invent and create – «Мастацтва ў гарадскіх месцах: наноў вынаходзіць і ствараць».

Маладыя людзі – удзельнікі праекта ў межах моладзевага абмену – упершыню пабачылі рэчавы рынак у Маладзечне. Пры падтрымцы архітэктара з Мінскай урбаністычнай платформы Ілоны Ільяшэвіч яны распрацавалі ідэі для гэтай прасторы.

Свае задумы актывісты з трох краін прадставілі 23 жніўня.

Што ж яны прапанавалі?

– Шмат зеляніны. Сёння на рынку – толькі асфальт і бетон. У ідэале ў зялёных зонах могуць ладзіць лекцыі, выставы. Тут жа магчымы невялічкі агародзік і арт-маркет – крама, дзе можна набыць вырабы мясцовых майстроў

– Празрысты купал на зямлі. Ён можа служыць і своеасаблівым упрыгожаннем, і парніковай зонай, дзе будуць нешта вырошчваць

– Сцэну на месцы паркоўкі. Тут могуць адбывацца тэатральныя пастаноўкі, канцэрты, кінапрагляды. Лаўкі каля сцэны можна пераносіць і ставіць іх, як зручна

– Зоны для адпачынку па ўсёй тэрыторыі – кавярні, рэстараны, клумбы, лаўкі

– Адкрытая кухня. У гарадскіх прасторах за мяжой ёсць практыка, калі людзі прыходзяць з прадуктамі і гатуюць адразу на вуліцы

– Ціхая зона для настольных гульняў

– Навігацыя. Паколькі ў прасторы будзе шмат аб’ектаў, трэба ўказаць, як прайсці да кожнага. Навігацыю можна зрабіць каляровымі стрэлкамі на асфальце

– Прыбраць шэрую бетонную агароджу. Замяніць яе на такую, якая б адпавядала зонам. Напрыклад, на дзіцячай пляцоўцы зрабіць яркай, у зялёнай зоне – з пляцістых раслін. У ідэале агароджа павінны быць функцыянальнай. Тут можна будзе прысесці, зрабіць кветнікі, а дзятве – памаляваць крэйдай

– Спартыўная пляцоўка. Для яе агароджа толькі празрыстая. Каб людзі бачылі, што адбываецца на пляцоўцы і хацелі далучыцца. Летам на пляцоўцы можна катацца на скейце, зімой – на каньках

– Паркінг. Тут кожнае машынамесца аформіць яркімі фарбамі

– Галоўны ўваход. Пакінуць той, што ёсць, але ўпрыгожыць яго пляцістай раслінай.

Прапановы перададуць мясцовым уладам

На сустрэчы былі маладзечанскія актывісты, а з мясцовых уладаў ніхто прысутнічаць не змог. Але, па словах арганізатараў, і кіраўніцтва рынку, і аддзел архітэктуры Маладзечанскага райвыканкама ў курсе творчых пошукаў моладзі.

Самыя цікавыя прапановы, на іх думку, маладзечанскія актывісты перададуць прадстаўнікам мясцовай улады. І магчыма, праз пэўны час мы з вамі не пазнаем рэчавы рынак у Маладзечне.

• Текст доступен на языке: Русский