У суботу, 24 жніўня, у Мінскім раёне прайшлі спаборніцтвы па аўтабаях. Каманда «Гараж Маладзечна» ўдзельнічала ў турніры, але прызавых месцаў не заняла. «Рэгіянальная газета» паразмаўляла з механікамі аўтакалектыву пра тое, як падрыхтаваць машыну да турніру і чаму трэба развіваць аўта-спорт.

«Мы ўдзельнічалі першы раз у баях»

– Гэта першы раз. У наступны ўжо будзем ведаць, чаго чакаць, – дзеліцца механік-зваршчык каманды Міхаіл Крот.

Каманда «Гараж Маладзечна» правяла адзін бой, па выніках якога не змагла прэтэндаваць на прызавыя месцы. Аднак гэта быў добры досвед, кажа Крот. Яго думку падтрымлівае і Станіслаў Шафран.

– Мы зразумелі, дзе памыліліся ў першым баі, які для нас аказаўся апошнім. Пілот Паша Максімовіч быў добры, а вось мы як механікі павінны былі звярнуць увагу на ланжэроны. Гэта тэхнічныя тонкасці, – распавядае галоўны механік Станіслаў Шафран.

Ланжэрон – гэта аснова канструкцыі любога аўтамабіля.

Далі машыне мянушку “Акула”

Машыну назвалі «Акулай», таму што арыгінальнае аўто «БМВ Е28» – механікі рабілі транспарт на аснове яго, у народзе празвалі менавіта так. Наталля Ялымава і Кацярына Ясунас дапамаглі «Акуле» выглядаць як гэта драпежная рыба. Аднак суровы і грозны выгляд машыны не дапамог маладзечанскаму пілоту.

Арганізатары адзначалі, што маладзечанская «Акула» была магутным праектам. У Шафрана і Крата ёсць тлумачэнне на гэта: справа ў якаснай падрыхтоўцы і невідавочных рашэннях. Напрыклад, механікі здолелі прыстасаваць да «БМВ» задні мост ад «Волгі». Удзельнікі аўтабаёў на лініі Сталіна лічылі, што гэта нерэальна, а маладзечанцы распрацавалі і такую тэхналогію.

Крот кажа, што цяпер усе думкі, як зрабіць машыну іначай – канкурэнтаздольнай і больш магутнай.

Тры месяцы і 500 рублёў, каб падрыхтаваць машыну

«Акула» стала «Акулай» за тры месяцы. Механікі пачалі рыхтаваць машыну на пачатку ліпеня. Крот тлумачыць, што аўто можна было б зрабіць і хутчэй, але асноўная праца хлопцаў-механікаў забірала шмат часу.

Машына да баёў не павінна была мець нічога лішняга: шкла, крэслаў (акрамя месца для кіроўцы) –увогуле, выглядаць пустой. У багажніку і капоце адмыслова рабілі дзіркі, каб судзейская камісія магла агледзець і атэставаць аўтамабіль. Асаблівая ўвага надавалася месцу кіроўцы і яго бяспецы.

Падрыхтоўка «Акулы» каштавала прыкладна 500 рублёў.

  • 120 рублёў – рухавік + кпп;
  • 80 рублёў – задні мост + 4 колы + кардан, 3 × 30 р зварачны дрот, 3 × 15 зварачныя электроды;
  • прыкладна 85 рублёў – запчасткі для рухавіка і счаплення, дыскі;
  • 25 рублёў – вуглекіслата для зварачнага паўаўтамата;

А само аўто каштавала 200 рублёў.

– Сума атрымліваецца з вялікіх выдаткаў. Нам дапамагалі людзі, давалі бясплатна трубы для каркаса бяспекі, радыятар ахалоджвання і шмат рознай дробязі са сваіх запасаў, – тлумачыць Шафран.

«Арандаваць зямлю – дзвесце тысяч рублёў»

Станіслаў Шафран лічыць, што аўтаспорт трэба развіваць у Беларусі. Гэта добрая глеба не толькі для здаровага ладу жыцця, але і прыбытак для мясцовых уладаў. Механік «Гаража» адзначае, што зрабіць пляцоўку для аўтабаёў рэальна ў Маладзечне ці паблізу горада. Аднак каб арандаваць зямлю ў дзяржавы, прыйдзецца заплаціць шмат грошай.

– Арэнда зямлі ў межах горада на дзесяць гадоў абыдзецца прыкладна ў 200 тысяч рублёў. Гэта вялікая сума, якой у мяне няма. Я ж працую кіроўцам “хуткай”, – кажа Шафран.

Іншы варыянт – шукаць пляцоўку па-за межамі Маладзечна. Станіслаў упэўнены, што аўтаспорт будзе развівацца ў краіне, але цяпер ён знаходзіцца на пачатковым этапе.

Наступныя спаборніцтвы для каманды «Гараж Маладзечна» пройдуць у маі 2020 года.

• Текст доступен на языке: Русский