Жыхаром Вілейкі ўраджэнец Віцебшчыны Анатоль Додрыкаў стаў у 1969 годзе.

А першая сустрэча з горадам адбылася раней – у 1964.

– Памятаю гарадок, у якім шмат яшчэ засталося ад часу, калі Вілейка была ў складзе Польшчы. Калі глядзець на горад з вышыні, адразу заўважалася, як акуратна будавалі палякі. Кварталы – у выглядзе роўных квадрацікаў, – дзеліцца суразмоўца сваімі ўражаннямі.

Ад рабочага да начальніка змены

На сёння з Вілейкай у Анатоля Ягоравіча звязанае шмат. Тут ад 1969 года ён пачаў працаваць на рамонтным заводзе – некалі буйным прадпрыемстве.

У 1960-70-х тут выпускалі некалькі дзясяткаў найменняў: дамы-вагончыкі, кузавы. Забяспечвалі калгасы прыладамі для апрацоўкі глебы – транспарцёрамі, сеялкамі.

На завод Анатоль Додрыкаў прыйшоў рабочым. Пасля быў майстрам, тэхнолагам, начальнікам змены.

Калі жаночы аркестр выходзіў на вуліцу, людзі апладзіравалі

У 1974 годзе з жанчын-супрацоўніц завода стварыў жаночы духавы аркестр. Калі калектыў выходзіў на вуліцы Вілейкі, гараджане апладзіравалі і ўсміхаліся.

Духавыя калектывы мой суразмоўца ствараў і ў вілейскім ПТВ-48, і ў вайсковай часці ў Шылавічах.

Анатоль Додрыкаў (злева) на рэпетыцыі аркестра вайсковай часці ў Шылавічах.

– Музыкантаў рыхтаваў з нуля. За тры месяцы мог выставіць калектыў для выступлення, – дзеліцца Анатоль Додрыкаў.

Сам ён іграць на музычных інструментах пачаў у дзяцінстве ў родным Дуброўне. Пазней, калі ўжо жыў у Вілейцы, завочна скончыў універсітэт у Маскве па спецыяльнасці «кіраўнік змешанага аркестра».

А Вілейка магла б быць іншай

Працуючы на рамонтным заводзе, дзе дырэктарам быў яго сваяк, Анатоль Додрыкаў назіраў, як планавалі памяняць горад, калі будавалі завод «Зеніт». Добра памятае тыя часы, калі на месцы завода было балота, зарослае хмызняком.

Па планах 1970-х гадоў у Вілейцы на месцы сённяшняй вуліцы Незалежнасці павінна была паўстаць ТЭЦ, а вакол яе – жылы мікрараён для супрацоўнікаў «Зеніта». Планавалі, што з дома на работу і назад рабочыя будуць ездзіць не тралейбусе.

А вуліцы Чапаева і Стаханаўская павінны былі стаць праспектамі.

Але з задуманага ўвасобілі мала.

– Тады Вілейшчынай кіраваў Іван Трус. Чалавек, які хварэў за горад. Але ж яму і іншым прадстаўнікам тагачаснай мясцовай улады хацелася зрабіць усё як мага хутчэй і танней. Магчыма, таму не ўсё атрымалася, – мяркуе Анатоль Ягоравіч. – Толькі дарма парушылі польскую даваенную забудову – тыя самыя акуратныя квадрацікі.