Фота estonianmediaregulation.wordpress.com

Пры наведванні мінскай школы № 93 Аляксандр Лукашэнка анансаваў магчымыя змены ў антынаркатычным заканадаўстве, паведамляе яго прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў са старшакласнікамі, гутарка зайшла пра здаровы лад жыцця, пра шкоду алкаголю і палення.

– Пра наркотыкі проста нават казаць не хачу. Нядаўна мы законы прынялі вельмі жорсткія. Што цяпер ужо маці тых, хто трапіў у месцы не гэтак аддаленыя, просяць змякчыць гэты закон, – распавёў Лукашэнка. – Гэта па маёй ініцыятыве былі прыняты адпаведныя законы. Прытым, ну дзесьці мы, напэўна, перагнулі. Той, хто наркотыкі спажывае – хворы чалавек. І я лічыў, што іх трэба выхоўваць цяжкасцю – у калоніі. Мы іх выхоўваем і перавыхоўваць, але страшная ломка, калі цябе асабліва без медыцыны пачынаюць адвучаць ад гэтага.

Зараз Лукашэнка лічыць, што «дзесьці, напэўна, мы павінны больш іх лячыць. Але не дараваць тым, хто спажывае». Таксама ён расказаў, што гатовы сустрэцца з бацькамі асуджаных па 328-м артыкуле КК.

– Думаю, трэба сустрэцца з гэтымі бацькамі, якія хочуць са мной сустрэцца. Але ім жа трэба нешта сказаць, і ў гэтых адносінах мы думаем, што зрабіць. А тым, хто сюды прывозіць, распаўсюджвае наркотыкі, ніякай літасці не будзе. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, здольны на ўсё. Гэта страшныя людзі. З тымі, хто з’яўляецца крыніцай гэтага страшнага зла, мы будзем дакладна так і паступаць, – падкрэсліў ён. – <…> Па антынаркатычным заканадаўству мы пераканаліся, што мы жорстка гэта зрабілі. Адпусцім, але няшмат.

Што тычыцца забаронаў курэння ў грамадскіх месцах і абмежаванні продажу тытуню, іх, на думку Лукашэнкі, трэба ўводзіць «акуратна і паступова».