31 жніўня на гарадскім стадыёне ў Маладзечне прайшло свята футбола.

Арганізатары разлічвалі ў апошні дзень лета сабраць на трыбунах вялікую армію заўзятараў, і ў іх атрымалася! Асноўная стаўка была зробленая на ўцягнення дзяцей. “Шкаляры” ўжо вярнуліся з вёсак ад бабуль з дзядулямі і настройваліся на сур’ёзны лад новага навучальнага года.

Сур’ёзнасць іх думак павінны быў развеяць футбол. За гадзіну да пачатку гульні майстры аквагрыму з усмешкамі на тварах пры ўваходзе на стадыён пачалі сустракаць маленькіх заўзятараў і іх бацькоў. Жадаючых упрыгожыць свае твары тэматычнымі лагатыпамі было шмат. Працы майстрам хапіла да канца гульні. Праўда, у перапынку яны маглі крыху адпачыць – праводзіўся конкурс на лепшае выкананне пенальці, і практычна ўсе юныя заўзятары рванулі на футбольнае поле.

Вядучы мерапрыемства хутка зарыентаваўся і арганізаваў “лінейку” – нядрэнная рэпетыцыя перад асноўнай, школьнай. Усе хлопцы хацелі праэкзаменаваць варатара маладзечанскай каманды Антона Шунта. Пенальці білі па чарзе. Самыя маленькія стараліся выступіць не горш за старэйшых дзяцей. Удзельнічалі і дзяўчынкі, чые ўдары суправаджаліся апладысментамі. Але пераможца апынуўся адзін. Два з двух яго удараў дасягнулі мэты. Каштоўны прыз, фота з дырэктарам і “пераможаным”
варатаром дасталіся яму ва ўзнагароду.

Павінна была парадаваць дзяцей і сама гульня. Абедзве каманды імкнуліся
дзейнічаць ярка і з душой. Маладзечанцы ў вырашальны момант
аказаліся і больш дакладнымі, і большй свежымі – усё-такі госці з Горак у дзень гульні
пераадолелі адлегласць у 350 кіламетраў і ў канцоўцы матча стаміліся.

Гаспадары выйгралі 3:1. 1100 заўзятараў – для другой лігі вельмі прыстойны
лік – у канцоўцы гульні падтрымлівалі каманду вельмі зладжана і
пакідалі стадыён у выдатным настроі. І толькі некаторыя
хлопцы, павісшы на парапеце стадыёна, быццам на
вясковым плоце, трохі журыліся: хутка ў школу…

Фота Сяргея УЛАДЫКІ.