Маладзечанская школа №1. Другая палова 1960-х. Вучні з настаўніцай Лідзіяй Пятроўнай Бутар. Ірына - другая справа ў першым радзе.

Фотаздымак 1961 года са старым драўляным будынкам школы №1 у Маладзечне размясціла на сваёй старонцы ў фэйсбуку маладзечанска Ірына Такарска. Тут жа ёсць здымак другой паловы 1960-х, дзе Ірына разам са сваім класам.

У Дзень ведаў мы звязаліся з Ірынай і папрасілі распавесці пра будынак школы, які знеслі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Вось што распавяла жанчына.

– Школа стаяла каля аўтамабільнай дарогі насупраць таго будынка, дзе цяпер займаюцца пачатковыя класы. Драўляная школа хавалася ў высокіх кустах бэзу. Калон каля ўвахода, што на здымку 1961 года, я ўжо не памятаю. Памятаю толькі ганак. А мы заходзілі ў іншы ўваход, з двара.

Маладзечанская школа №1 у 1961 годзе.

У старым будынку Ірына вучылася ў 1965-1968. Пасля пабудавалі цагляную школу. Ірына перайшла туды. З яе ж выпусцілася ў 1975. Галоўнага будынку школы яшчэ не было.

У двары школы стаяла яшчэ адна драўляная пабудова – дом, дзе жылі настаўнікі. Калі яны атрымалі кватэры, у той пабудове праводзілі ўрокі працоўнага навучання.

Прыкладна на тым месцы, дзе цяпер аўтобусны прыпынак каля новай школы, стаяў млын.

– Каля млына быў драўляны кіёск, куды мы хадзілі купляць сшыткі па дзве капейкі, – прыгадвае жанчына.

Ірына памятае, як зносілі старую драўляную школу. Вучні лазілі па развалінах, знаходзілі рэчы часоў Другой сусветнай: гільзы, дакументы, старыя кнігі на нямецкай мове.

Здымкі са старонкі гераіні ў фэйсбуку.

• Текст доступен на языке: ruРусский