Фота Настассі Уткінай.

У Вышэйшую Школу Эканомікі (Масква) у гэтым годзе паступіла 79 беларусаў, па дадзеных ВНУ. Але колькі выпускнікоў беларускіх школ у прынцыпе з’язджае за мяжу?

Польшча: з 2012-га колькасць беларусаў не перастае расці

На зімовы семестр 18/19 навучальнага года – гэта паміж 1 верасня і 30 лістапада 2018 года – у польскія ўніверсітэты паступіла 3686 першакурснікаў з Беларусі.

На летні семестр таго ж навучальнага года ў Польшчы ўсяго налічвалася 6080 беларускіх студэнтаў (са статусам па стане на 1 жніўня 2019 года).

Калі параўноўваць па гадах, то агульная колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы не пераставала расці з 2012-га года: 2344 чалавек (у 2012 годзе), 3220 (у 2013 годзе), 3955 (у 2014 годзе), 4555 (у 2015 годзе), 5023 (у 2016 годзе), 5980 (у 2017 годзе), 7485 (у 2018 годзе). Усе дадзеныя падлічваліся ў зімовых семестрах названых гадоў.

Па дадзеных адукацыйнага фонду «Перспектывы», студэнты з Беларусі традыцыйна займаюць другое месца сярод студэнтаў з іншых краін у Польшчы.

Аднак рост колькасці беларускіх студэнтаў не паспявае за ростам колькасці замежных студэнтаў у Польшчы ўвогуле. Да прыкладу, у 2009-м годзе беларусы складалі 13,7% сярод іншых замежнікаў, а ў 2018-м – ужо толькі 9,3%.

Расія: больш студэнтаў, чым у Польшчы, але колькасць не расце

У 2018/19 навучальным годзе ў расійскія ВНУ залічылі 4328 студэнтаў з Беларусі – гэта і бюджэтнікі, і платнікі. У адрозненне ад Польшчы, гэта колькасць паступова захоўваецца на адным і тым жа ўзроўні ў апошнія гады: у 2017/18 навучальным годзе з Беларусі прыехала 3581 чалавек, у 2016/17 – 3891, у 2015/16 – 4863, у 2014/15 – 3594, у 2013/14 – 4296. Суадносіны бюджэтнікаў да платнікаў кожны год – прыкладна 1 да 3.

Агульная колькасць беларускіх студэнтаў у Расіі уражвае: у 2018/19 навучальным годзе іх было 13 216.

Але гэты паказчык (зноў у адрозненне ад Польшчы) штогод падае: напрыклад, у 2013/14 навучальным годзе ў Расіі 24 916 нашых студэнтаў, у 2014/15 – ужо 18 423 а ў 2016/17 – 15 765.

Гэта шмат ці не?

Калі скласці ўсіх беларускіх студэнтаў у Польшчы (7,5 тысячы) і ў Расіі (13 тысяч), то атрымліваецца, што сёння з Беларусі з’ехала атрымліваць вышэйшую адукацыю толькі ў гэтыя дзве краіны больш за 20 тысяч студэнтаў. Усяго ў нашай краіне ў 2018/2019 навучальным годзе вучыліся 252,6 тысячы беларускіх студэнтаў.

Гэта значыць, што за мяжой атрымлiваюць адукацыю як мінімум амаль 8% ад колькасці ўсіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі.

Нагадаем, усяго ў 2019-м навучальным годзе ВНУ Беларусі планавалі прыняць 54,7 тыс. першакурснікаў – на 1% больш у параўнанні з 2018-м. Пры гэтым у цэлым колькасць студэнтаў за апошнія 10 гадоў знізілася: у 2010/2011 навучальным годзе ва ўніверсітэтах краіны вучылася 442,9 тысячы студэнтаў, у 2015/2016 – 336,4 тысячы, у 2018/2019-м – ужо 268,1 тысячы.