На могілках у Вілейцы. Фота Аксаны Ярашонак.

У канцы жніўня Вілейскі раённы Савет дэпутатаў зладзіў чарговую сесію. Мерапрыемства было выязным і адбывалася ў Ільі. Сярод пытанняў, што разгледзелі дэпутаты, быў платны заезд на могілкі Вілейшчыны. 

28 чэрвеня Вілейскі райвыканкам прыняў рашэнне №738 «Аб арганізацыі дзейнасці, звязанай з пахаваннем памерлых».

У дакуменце ёсць такія словы: «Надзяліць правам Вілейскае ЖКГ браць аплату за ўезд на тэрыторыю могілак, што знаходзяцца на балансе прадпрыемства».

Згодна з дакументам, плаціць трэба за легкавыя машыны, на якіх людзі прыехалі наведаць памерлых, –  2 рублі 55 капеек. А прадпрымальнікам, якія працуюць па добраўпарадкаванні могілак, – 51 рубель.

За атрыманыя грошы ЖКГ будзе добраўпарадкаваць і ўтрымліваць могілкі.

З прапановай перагледзець і адмяніць дадзенае рашэнне ў Савет дэпутатаў звярнуўся жыхар Вілейкі Іосіф Маціюн.

Як сказаў на сесіі старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец, рашэнне браць аплату за заезд на могілкі прынялі таму, каб захоўваць тут парадак. Па яго словах, пасля добраўпарадкавання месцаў пахавання рабочыя часта пакідаюць шмат смецця: рэшткі старых помнікаў і надмагілляў, іншыя непатрэбныя будматэрыялы.

Прыбіраць усё гэта мусяць работнікі ЖКГ. І прадпрыемства нясе выдаткі

Пазіцыю ЖКГ выклала намеснік кіраўніка прадпрыемства Марыя Андрыеўская.

Большасць дэпутатаў прагаласавала за тое, каб пакінуць плату за заезд на могілкі.

Мы пагутарылі з прадпрымальнікамі, якія займаюцца добраўпарадкаваннем могілак у рэгіёне.

Па іх словах, пакуль яны плацяць за ўезд на могілкі толькі на Вілейшчыне.

Па адным чэку дазваляюць заехаць на могілкі некалькі разоў. Звычайна, пакуль не добраўпарадкуеш магілу. У іншых гарадах рэгіёна, дзе працуюць рабочыя, аплату з іх не бяруць.

• Текст доступен на языке: ruРусский