Глушэц. Фота Віктара Казлоўскага

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) абвясціла птушку 2020 года, якая стане наступніцай сёлетняга крылатага сімвала — вялікага арляца. 

Птушку наступнага года абвясцілі на Дзікай лекцыі АПБ падчас фестывалю IBB JubiläumsFest, прысвечанага 25-годдзю Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў (IBB Мінск).

Глушэц — гняздуючы аселы від з атрада курападобных. Распаўсюджаны вельмі нераўнамерна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але часцей сустракаецца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. Старыя ацэнкі колькасці 8000 — 9000 асобін. Гэта таёжны, паўночны від і ў сувязі са зменай клімату ён паступова паўсюль па Беларусі знікае. Асабліва катастрафічнае становішча цяпер на захадзе і поўдні краіны – у Белавежскай пушчы сто гадоў назад жылі сотні глушцоў, а цяпер ён тут амаль знік.

У Беларусі жывуць два падвіды глушца: заходнееўрапейскі і сярэднярускі. У песні заходнееўрапейскага падвіду ёсць характэрны элемент «корак» (“пробка”), таксама чорнае бруха амаль не мае белых плям, і ён больш буйны, чым усходняя раса. На жаль, колькасць заходнееўрапейскага падвіду нізкая: не перавышае 500 асобін.

Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:

– У большасці месцаў рассялення ў нас глушэц — рэдкі від. Галоўныя пагрозы яму — знікненне месцаў пражывання праз высечкі лесу на месцах такавання птушак, падсочка (здабыча) жывіцы на таках і каля іх, турбаванне ў гнездавы перыяд, паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, прэсінг з боку драпежнікаў (у тым ліку інтрадукаванага янотападобнага сабакі) і канкурэнцыя капытных жывёл.

• Текст доступен на языке: Русский