Фота uristy.com.ua.

У РАУС Маладзечна звярнулася 28-гадовая мясцовая жыхарка. Яна паведаміла, што ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» ёй прыйшло паведамленне ад знаёмай мінчанкі з просьбай напісаць рэквізіты банкаўскай аплатнай карты для грашовага пераводу.

Пры гэтым патлумачыла, што ў яе паўсталі праблемы з сэрвісам онлайн-плацяжоў «Яндэкс.грошы».

Маладзечанка вырашыла дапамагчы знаёмай і напісала ў паведамленні рэквізіты, а таксама неабходныя для правядзення аперацый коды, якія прыходзілі ёй у смс-паведамленнях.

Пасля чаго з карткі заяўніцы зніклі 140 рублёў.

Аказалася, старонку 28-гадовай мінчанкі ў сацыяльнай сетцы узламаў махляр і выкраў грошы. Па словах сапраўднай уладальніцы акаўнта, на падман зламысніка трапіўся не адзін чалавек са спісу сяброў.

Узбудзілі крымінальную справу па частцы другой артыкула 212 КК Рэспублікі Беларусь «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі».

Супрацоўнікі групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій устанавілі, што несанкцыянаваны доступ да ўліковага запісу фігуранткі ажыццяўляўся з выкарыстаннем IP-адрасоў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.

Таму знайсці махляра немагчыма.

За апошні час з заявамі падобнага роду ў міліцыю звярнуліся некалькі гараджан.

Так, 19-гадовая маладзечанка ў асабістай перапісцы паведаміла рэквізіты сваёй банкаўскай карткі, а таксама неабходную інфармацыю для доступу ў «інтэрнэт-банкінг». Пасля чаго ў дзяўчыны знікла 248 рублёў.

– Спосабы крадзяжу грошай з картак вельмі прымітыўныя. Часта гэта адбываецца з-за няўважлівасці саміх заяўнікаў і невыкананні мінімальных мер фінансавай бяспекі. Як правіла, у сацыяльных сетках уліковы запіс карыстальніка ўзломваюць, пасля чаго просяць яго сяброў паведаміць рэквізіты. Пры гэтым самі тлумачаць, што яго карта заблакаваная па якіх-небудзь прычынах, альбо узніклі праблемы падчас транзакцыі, – распавёў начальнік крымінальнай міліцыі Маладзечанскага РАУС Юры Кабакоў.

Па яго словах, пацярпелыя, не падазраючы, што па той бок экрана зусім не сябар, паведамляюць канфідэнцыйныя дадзеныя.

Усталяваць асобу зламысніка і раскрыць такога роду злачынства – няпросты і доўгатэрміновы працэс. Да таго ж, у большасці выпадкаў сляды аферыста вядуць далёка за межы нашай дзяржавы.

Аператыўнікі групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Маладзечанскага РАУС нагадваюць грамадзянам аб асноўных правілах інфармацыйнай бяспекі па абароне банкаўскіх карт.

  • Захоўвайце ў тайне пін-код карты
  • прыкрывайце далонню клавіятуру пры ўводзе дадзеных
  • схавайце CVV-код на карце (трохзначны нумар на адваротным баку), папярэдне захаваўшы яго, а таксама падлучыце паслугу SMS-абвесткі
  • Катэгарычна забаронена паведамляць каму-небудзь CVV-код або адпраўляць яго фота, распаўсюджваць лагін і пароль доступу да сістэмы «Інтэрнэт-банкінг», паведамляць дадзеныя, атрыманыя ў SMS, паролі і коды аўтарызацыі.

 

• Текст доступен на языке: Русский